Общество
Павел Давідоўскі, фота аўтара, «Наша Ніва»

Безалкагольныя дні зарплаты

Ад мінулай восені ў Пастаўскім раёне праходзіць вельмі арыгінальная антыалкагольная кампанія.

Продаж алкагольных напояў забаронены ў дні… пасля выплаты заробку.

Антыалкагольныя распараджэнні выходзяць з перыядычнасцю раз на некалькі месяцаў і па сутнасці дапаўняюць папярэднія распараджэнні. Так, 2 снежня 2011 выйшла распараджэнне «Аб забароне рэалізацыі спіртных напояў і піва ў сельскіх населеных пунктах у дні выдачы заработнай платы».

У ім да двух пунктаў папярэдняга распараджэння, прынятага ў верасні, якое забараняла продаж алкагольных напояў у вясковых гандлёвых аб’ектах у дзень выплаты заробкаў і абавязвала кіраўнікоў сельскагаспадарчых вытворчых прадпрыемстваў паведамляць загадчыкам крамаў аб днях выплаты заробкаў, дадаўся пункт, што абавязвае аддзел унутраных справаў Пастаўскага райвыканкама кантраляваць выкананне дадзенага распараджэння. А наступнае распараджэнне Пастаўскі райвыканкам выдаў 20 студзеня 2012. У апошняй пастанове ад 1 сакавіка 2012 зробленае выключэнне для «каньяку, шампанскага, гарэлкі сувенірнай (расфасоўкай 0,5 л) і вінаградных вінаў па цане не меншай за 50,0 тыс. руб.» .

Акрамя забароны продажу алкагольнай прадукцыі ў дні заробкаў у Пастаўскім раёне існуе яшчэ адна перадавая антыалкагольная практыка: у вясковых крамах функцыянуюць так званыя «чорныя спісы» — спісы асобаў, якім забаронены продаж алкаголю ў любы час. У выніку асобы з «чорнага спісу» вымушаныя чакаць пад крамай знаёмых, якіх у спісах няма…

У гэтым выпадку можна таксама назіраць рэакцыю насельніцтва: незадаволеныя спажыўцы толькі што спрачаюцца з прадаўцамі, а вось рабіць запісы ў кнізе скаргаў ніхто не спяшаецца.

Жыхары вёсак каля краю раёна знаходзяць выхад: едуць па таннае віно ў суседнія Мядзельскі ці Глыбоцкі раёны.

Як відаць, прадстаўнікі беларускіх уладаў на розных узроўнях спрабуюць весці антыалкагольную барацьбу. Але ці могуць такія метады быць эфектыўнымі? Пакуль гарэлка і чарніла каштуюць капейкі, п’яніцы плавалі і будуць плаваць у іх. Між тым узнікае і іншае пытанне. У імя добрай мэты перавышаюцца службовыя паўнамоцтвы, прымаюцца пастановы, спрэчныя і што да правоў купцоў, і што да правоў гандляроў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)