Комментарии
Сяргей Навумчык, Фэйсбук

«Без Элеаноры Язерскай Менск ужо ня будзе ранейшым Менскам»

Калі сёньня я прачытаў сумную навіну і сказаў жонцы - «Элеанора памерла», у адказ было - «Які жах!», а я падумаў, што гэта адзіная ў Беларусі жанчына, да імя якой не абавязкова было дадаваць прозьвішча. «Элеанора» - і ўсім ясна.

Без Элеаноры Язерскай Менск ужо ня будзе ранейшым Менскам. Ва ўсялякім разе для мяне. У 70-ых яе праграма - ці не адзінае, што я глядзеў на БТ. Яна ня мела нейкага асаблівага дачыненьня да таго, што сёньня называецца Адраджэньнем, але пачатак 90-ых, без яе ўявіць немагчыма. Калі гадоў праз 50 пра той час будуць здымаць кіно – аўтарам давядзецца яе ўпісаць у лік пэрсанажаў, інакш карціна ня будзе праўдзівай.

Канешне, яна была эпатажнай. І часам гэта шакавала.

Спускаешся па эскалятары на станцыі «Кастрычніцкая» - час пік – і насустрач падымаецца Элеанора, як заўсёды, ярка апранутая, у нейкім гіганцкім аранжавым капялюшы з пер'ем. Усе глядзяць на яе: зорка! І тут:

- Серёжа! Как я рада Вас видеть! Я как раз вспоминала, что в 73 году мы с Вашим папой смортрели «Соломенные псы» и потом прошли от Дома кино до Академии наук! Приходите ко мне завтра в семь, будет хорошая кампания! - і ўсе пачынаюць шукаць вачыма, што там за такі за Сярожа, і каб у эскалатары ўтварылася дзірка – дык скокнуў бы туды, каб схавацца.

Ня ведаю, што з сябе ўяўляюць дыпляматычныя прыёмы ў Менску сёньня, але ў пачатку 90-ых, калі яны толькі ўвайшлі ў практыку, гэта былі даволі цырыманіяльныя мерапрыемствы (за выключэньнем італьянскіх і французскіх), але Элеанора іх упрыгожвала, была самай яркай госьцяй (здаецца, з тых, каго прынята лічыць бамондам, яна была адзінай, каго туды запрашалі).

Элеанора не зразумела маю эміграцыю, і нават напісала з гэтай нагоды артыкул, мая жонка ёй артыкулам жа і адказала, але гэта для мяне даўно ўжо ня мае значэньня.

Яна застанецца ў памяці яркай асобай, а ў гісторыі аўтарам фразы «закат над балотам» - што бліскуча ахарактарызавала і рэжым, і яго сьцяг, і яго аляпаватую эстэтыку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)