Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў фэст «100 год БНР»

Улады возьмуць удзел у сьвяткаваньні.

Дзень Волі — 2017 у Берасьці

Выканкам ухваліў заяўку на правядзеньне сьвяточнага фэсту 25 сакавіка, але перанёс мерапрыемства на іншую пляцоўку.

Сьвяточныя фэстываль у Берасьці пачнецца а 13 гадзіне на плошчы Свабоды. Адкрые фэстываль паўгадзінны мітынг на якім выступяць палітычныя і грамадзкія актывісты гораду, а таксама прадстаўнікі берасьцейскіх уладаў, паведаміў Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі БНФ Зьміцер Шыманскі.

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» прыносіць на Дзень Волі дазволілі разам зь іншай сымболікай, «тэматычна зьвязанай з адзначаемай падзеяй», сказаў Шыманскі.

Музычны частку адкрые выступ духавога аркестру Берасьця, працягнецца фэст рок-канцэртам. Дакладна вядома, што на Дні Волі ў Берасьці выступяць гурты :B:N: і Re1ikt, Zolki Band.

На фэсьце, які працягнецца да 17 гадзіны, будуць працаваць сувэнірны кірмаш, фатазоны і дзіцячыя пляцоўкі. Паралельна з музычнай пляцоўкай будуць праходзіць майстар-клясы рамесьнікаў, а рэканструктарскія клюбы адновяць эпоху Беларускай народнай рэспублікі. На фэсьце можна будзе запісацца ў валянтэрам у больш за 10 арганізацый Берасьця.

Чаму перанесьлі месца канцэрту?

Заяўнікі акцыі прасілі дазволіць правядзеньне мітынгу і канцэрту на вуліцы Савецкай. У гарвыканкаме перанесьлі акцыю на плошчу Свабоды.

Паводле Зьмітра Шыманскага, рашэньне пра перанос пляцоўкі ўлады прынялі праз меркаваньні бясьпекі:

— Вуліца Савецкая занадта вузкая. Мерапрыемства, якое гарвыканкам дазволіў на вуліцы Савецкай ледзь не прывяло да нанясеньня шкоды жыцьцю і здароўю грамадзян.

Берасьцейскія ўлады задаволілі просьбу заяўнікаў арганізаваць на фэсьце працу мэдыкаў і праваахоўнікаў. Гэтыя выдаткі гарвыканкам узяў на сябе.

2 сакавіка гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.byужо сабралі больш за 85% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаній.

У рэгіёнах сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі пакуль у Берасьці і Горадні. Заяўку на правядзеньне канцэрту і мітынгу 25 сакавіка падалі ў Гомлі. Адказаў ад гарадзкіх уладаў арганізатары чакаюць найбліжэйшымі днямі. У Баранавічах, Віцебску і Магілёве сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі 25 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)