Политика
Руслан Гарбачоў

Беніта Ферэра-Вальднэр выслухала скаргі апазіцыянераў у гатэлі «Еўропа»

Візіт камісара Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднэр у Мінск 22 чэрвеня пачаўся з сустрэчы з лідэрамі апазіцыі ў гатэлі «Еўропа». Апазіцыянеры паскардзіліся еўракамісару на адсутнасць істотных дэмакратычных змен у Беларусі і быццам бы атрымалі ад яе абяцанне падняць гэтае пытанне перед беларускімі ўладамі.

На сустрэчы з еўракамісарам прысутнічалі Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, намеснік партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, першы сакратар ПКБ Сяргей Калякін і намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Віктар Карняенка.

Як расказаў «Салідарнасці» Вінцук Вячорка, Беніта Ферэра-Вальднэр сцісла нагадала аб палітычных зменах у Беларусі, якія адбыліся яшчэ летась: вызваленні палітвязняў, вяртанні некалькіх незалежных выданняў у дзяржаўную сетку распаўсюду, а таксама рэгістрацыі руху «За свабоду».

— Але пры гэтым яна зрабіла агаворку: у Беларусі яшчэ застаюцца «вязні сумлення». Да іх залічаны ўдзельнікі «справы 14-ці» і ваўкавыскія прадпрымальнікі на чале з Мікалаем Аўтуховічам, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА, — адзначыў Вінцук Вячорка.

Еўракамісар таксама падкрэсліла, што інстытуцыянальных змен у бок дэмакратызацыі ў Беларусі не адбылося і палітычныя санкцыі супраць шэрагу беларускіх сілавікоў не адмененыя, а толькі прыпыненыя.

На сустрэчы з лідэрамі апазіцыі Беніта Феррэра-Вальднэр закранула і эканамічныя пытанні. Яна адзначыла, што Еўрасаюз, які сам адчуў фінансавы крызіс, спачувае эканамічным цяжкасцям Беларусі, і заявіла аб намеры павысіць сумму выдзяляемай нашай краіне на праграму павышэння бяспекі харчавання з 5 да 10 млн еўра.

— Пры гэтым еўракамісар зазначыла, што пры пэўных умовах Беларусь магла б разлічваць і на большую дапамогу, — паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ.

Па словах Вінцука Вячоркі, лідэры апазіцыі са свайго боку расказалі Беніце Ферэры-Вальднэр пра новыя формы палітычных рэпрэсій: палітычным беспрацоўі (звальненні з асноўнай працы ўдзельнікаў парламенцкай кампаніі) і палітычным прызыве ў войска.

Лідэры апазіцыі адзначылі, што калі дыялог паміж Мінскам і Брусэлем існуе, то дыялогу паміж беларускай уладай і грамадствам па-ранейшаму не назіраецца, і выказалі надзею, што адносіны першых станоўча паўплываюць на сувязі другіх.

— Еўракамісар пацікавілася ў нас, як мы ставімся да тых грамадскіх камісій, што былі створаны пры адміністрацыі прэзідэнта. Мы адказалі, што гэта імітацыйныя структуры. Беніта Ферэра-Вальднэр паабяцала пацікавіцца ў беларускіх уладаў, чаму мы там не прадстаўленыя, на што я адказаў, што важней у іх спытаць, чаму ў наш парламент не трапілі людзі, якія паводле грамадскай думкі і даследаванняў павінны былі выйграць выбары, — распавёў Вінцук Вячорка.

На сустрэчы апазіцыйныя лідэры таксама закранулі пытанне візавых паляпшэнняў і пацвердзілі сваю настойлівасць у змене выбарчага заканадаўства.

Сёння Беніта Ферэра-Вальднэр правядзе яшчэ сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

— Канчаткова пра вынікі візіту еўракамісара мы зможам меркаваць толькі пасля яе афіцыйнага выступу ў 15.00, — сказаў «Салідарнасці» экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)