Анастасія Зелянкова
“Беллітфонд” ліквідавалі ціха і хутка з-за яго маёмасці

Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Беллітфонд”. Дзесяць хвілін спатрэбілася суддзі Валерыю Самалюку, каб ліквідаваць стораную 152 гады таму пісьменніцкую арганізацыю. Прадстаўнікі “Белілітфонда” нават не прысутнічалі на пасяджэнні.

— У нас не было магчымасці падрыхтавацца да суда, — патлумачыў “Салідарнасці” дырэктар ГА “Беллітфонда” Алесь Данільчык. — 2 траўня мы атрымалі афіцыйны пазоў на разгляд справы па зыску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі. Яшчэ ўчора мы заявілі хадайніцтва, каб перанесці разбіральніцтва на больш позні тэрмін. Аднак нам было адмоўлена. Зразумела, што за 24 гадзіны падрыхтавацца да судовага разбіральніцтва, каб юрыдычна граматна аддстойваць свае правы, немагчыма. Упэўнены: такая хуткая ліквідацыя нашай арганізацыі была свядомай.

Алесь Данільчык мяркуе, што прысуд быў вынесены з грубымі парушэннямі закона, а ліквідацыя “Беллітфонда” спатрэбілася для таго, каб завалодаць маёмасцю арганізацыі.

— Уся справа круціцца вакол санаторыя-прафілакторыя “Іслач”, — лічыць дырэктар аб’яднання. – “Іслач” знаходзіцца пад арыштам гаспадарчага суда і павінна хутка выстаўляцца на таргі. Зараз робяцца захады, каб перашкодзіць гэтым таргам. Будзе створана ліквідацыйная камісія, якая будзе працаваць з маёмасцю “Беллітфонда”, прычым гэтая камісія будзе пад апекай Мінюста.

Прадстаўнікі аб’яднання зараз шукаюць законныя захады, каб абскардзіць рашэнне суда.

ГА “Беллітфонд” была створана ў 1992 годзе на базе беларускага аддзялення “Літфонда СССР”, які быў заснаваны 152 гады таму.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)