Беларусы прайшлі ў фінал польскага адбору на «Еўрабачанне»

У штурме эўрапейскага поп-фэстывалю ад Польшчы гурту Dali пакуль шанцуе. Журы з прадстаўнікоў Польскага тэлебачаньня і вядучых радыёстанцый краіны RMF FM, Zet Trojka назвала беларусаў у ліку 12-ці лепшых з 120 удзельнікаў, што падалі заявы. Цяпер каманду Віктара Рудэнкі чакае жывы выступ у этэры Польскага тэлебачаньня разам з іншымі канкурсантамі.

“А я па традыцыі ўжо сьпяваю па-ангельску зь беларускімі ўстаўкамі, хоць і выступаю ў Польшчы”, - кажа лідэр Dali, які некалькі год намагаўся прабіцца на “Эўравізію” ад Беларусі, а потым кінуў гэтую справу ды падаў заяву на польскі адбор.

На меркаваньне Віктара, палякі куды больш прыязна ставяцца да іншаземцаў, чым беларусы. Ён прыгадвае, як два гады таму ў беларускім адборы на “Эўравізію” удзельнічала польская сьпявачка Гося Анджэевіч: “Ня скажаш, што да яе паставіліся вельмі ўжо прыязна. А палякі якраз пазытыўна паставіліся да нашых беларускіх уставак”, - кажа сьпявак.

Польскі прадусар гурта Ігар Знык таксама цьвердзіць, што Dali зьбіраюць у асноўным станоўчыя водгукі, а на сайце eurowizja.com.pl у інтэрнэт-галасаваньні нават у лідэры выбіліся. “Праўда, не ўсе разумеюць - на якой мове пяецца частка кампазыцыі. Адны думаюць, што па-польску, другія - што па-расейску. Трэція пазналі беларускую”.

Галоўны рэдактар польскага музычнага часопісу “Pro-Rock” Марцін Полэц кажа, што для Польшчы - конкурс “Эўравізіі” невялікая падзея, а ўвагу грамадскасьці ён прыцягнуў хіба пяць год таму. Тады Польшча якраз уступала ў Эўразьвяз, а ў адборы на польскім конкурсе да “Эўравізіі” перамог гурт “Ich troe”, які у сваёй песеньцы прапагандаваў якраз эўрапейскі выбар.

“Усё было бы добра, толькі высьветлілася, што падчас SMS-галасаваньня галасы прымаліся толькі за аднаго выканаўцу - гэты гурт”, - кажа Марцін. Сам ён прызнаецца, што аддасьць голас за Dali, але не мае пэўнасьці, што беларусы здолеюць перамагчы: “Я праслухаў песьню Dali і мне не спадабалася, што яны спрабуюць граць, як 90% выканаўцаў, што ўдзельнічаюць у “Эўравізіі”. Мне падалося, што болей шанцаў было бы, каб яны падалі сябе па-іншаму ды наогул засьпявалі бы на сваёй мове”.

Ці паедзе беларускі гурт на “Эўравізію” ў Маскву ад Польшчы дазнаемся 14 лютага. Менавіта ў гэты дзень у жывым эфіры Польскага тэлебачання пройдзе фінал адборачнага туру. Пераможца вызначыцца шляхам складаньня галасоў журы і вынікаў глядацкага SMS-галасаваньня.

Паслухаць конкурсную песьню Every Day гурта Dali можна тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)