Беларусы асобна, Лукашэнка асобна. Чаго ня хочуць заўважаць украінцы, абвінавачваючы беларусаў у саўдзеле ў агрэсіі

Валер Карбалевіч – пра абвінавачаньні з боку ўкраінцаў на адрас беларусаў.

– Агульныя абвінавачаньні, якія можна пачуць ад многіх украінцаў на адрас беларусаў за саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі, ня толькі не справядлівыя, але і не прагматычныя, – піша Карбалевіч. – А прагматызм — гэта якраз тое, што афіцыйны Кіеў віртуозна дэманструе адносна рэжыму Лукашэнкі.

Праблема стаўленьня Ўкраіны да беларусаў апошнім часам абвастрылася. Некаторыя ўкраінцы абурыліся, што Нобэлеўскую прэмію міру, акрамя ўкраінскіх праваабаронцаў, прысудзілі расейскім, а таксама беларусу Алесю Бяляцкаму. Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да Ўладзіміра Зяленскага з прапановай аб супрацы, але адказу не атрымала.

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч публічна ў праграме «Фейгин LIVE» прызнаў, што многія ўкраінцы і на дзяржаўным, і на грамадзкім узроўні ня маюць рацыі ў стаўленьні да беларусаў, бо не змаглі ці не захацелі «аддзяліць рэжым ад народу». Ён заявіў:

«Беларускае пытаньне — гэта адна з галоўных нашых памылак падчас гэтай вайны... Мы дапусьцілі шэраг вельмі сур’ёзных памылак у дачыненьні да Беларусі. Яшчэ ня позна іх выправіць... У нас узяло верх [меркаваньне] некаторых недальнабачных і ня вельмі разумных крыкуноў, частка зь якіх, на жаль, была заахвочаная зь вельмі высокіх палітычных колаў».

Арастовіч прызнаў, што гэтыя людзі «не разумеюць беларускай сытуацыі і ня хочуць разумець» і што ва ўкраінскім «калектыўным несьвядомым перамагла формула „ўсе беларусы — п...сы“».

Тут можна адзначыць, што калектыўнае несьвядомае і не павінна ўсё дакладна разумець — менавіта таму, што яно несьвядомае. Пытаньне хутчэй да палітыкаў, якія павінны кіравацца больш рацыянальнымі рэчамі.

Частка адказаў на пытаньне, чаму так здарылася, ляжыць на паверхні. Бо вайна, якая робіць сытуацыю чорна-белай, спрашчае многія нюансы і адценьні. Як казаў амэрыканскі пісьменьнік Луіс Фішэр, «нельга чакаць яснага мысьленьня ад палітыкаў, якія кіруюць дзяржавай у кратэры вулькана». Варта нагадаць, што Кіеў даволі бесцырымонна крытыкаваў палітыкаў і палітыку краін Захаду, напрыклад Нямеччыны, Вугоршчыны.

Аднак у дачыненьні да Беларусі ўкраінская палітычная кляса кіруецца спалучэньнем цяжкаспалучальных падыходаў: Realpolitik і канцэпту калектыўнай віны.

Калі гаварыць пра Realpolitik, то такі курс цалкам зразумелы і рацыянальны. Кіеў вельмі ня хоча зьяўленьня яшчэ аднаго фронту з поўначы і ўсімі сіламі імкнецца залагодзіць, не злаваць Лукашэнку, каб не справакаваць яго на вайну, на паўнавартасны ўдзел беларускага войска ў расейскай агрэсіі. Таму і трымае дыстанцыю ад Офісу Ціханоўскай, каб лішні раз не цьвяліць афіцыйны Менск.

Прычым тут мы назіраем яшчэ адзін парадокс. Ва ўкраінскіх мэдыя, экспэртнай супольнасьці, заявах афіцыйных асобаў дамінуе думка, што цяпер Лукашэнка — марыянэтка Пуціна, ён нічога не вырашае, Беларусьсю кіруе Масква. Але калі так, то чаго баяцца злаваць Лукашэнку: ад яго ж нібыта нічога не залежыць? Відаць, ва ўкраінскім кіраўніцтве ўсё ж лічаць, што ад Лукашэнкі нешта залежыць.

І вось тут такі прагматычны курс адносна афіцыйнага Менску ўступае ў супярэчнасьць з канцэптам калектыўнай віны і адказнасьці беларусаў (і расейцаў) за дзеяньні іхнага кіраўніцтва, без усялякіх спробаў аддзяліць народ ад рэжыму.

З аднаго боку — прагматызм і рэалізм, а з другога — нейкая ідэалягічная артадоксія.

Калі ў дачыненьні да Расеі і расейцаў такі падыход мае хоць нейкае абгрунтаваньне (большасьць расейскага насельніцтва падтрымлівае вайну і Пуціна), то стасоўна Беларусі гэта вялікая памылка. Бо беларусы ня выбралі Лукашэнку ў 2020 годзе; толькі невялічкі працэнт беларусаў падтрымлівае ўдзел сваёй краіны ў гэтай вайне.

Таму агульнае абвінавачваньне ўкраінцамі беларусаў у саўдзеле ў агрэсіі ня толькі несправядлівае. Такому падыходу бракуе якраз таго прагматызму, які афіцыйны Кіеў віртуозна дэманструе адносна рэжыму Лукашэнкі.

А прагматызм у гэтым пытаньні якраз палягаў бы ў тым, каб прапанаваць беларускаму грамадзтву саюз, кааліцыю ў супрацьдзеяньні агульнаму праціўніку, найперш Расеі (калі ўжо ня хочацца злаваць Лукашэнку, то часова можна вынесьці яго за дужкі).

Арастовіч прызнаў памылкі. Але праблема ў тым, што ня ён вызначае палітыку афіцыйнага Кіева. Арастовіч толькі дарадца Офісу прэзыдэнта на грамадзкіх асновах. Таму лічыць яго голасам афіцыйнага Кіева можна вельмі ўмоўна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(22)