Общество
Анастасія Зелянкова

Беларускія творцы распрануліся для календара

Сучасныя літаратары аголеным целам даказалі, што чуткі пра гіперцнатлівасць беларускай літаратуры значна перабольшаны, і распрануліся на старонках арт-календара “Канец словаў”.

Каляндар стаў супольным праектам для альманаха “pARTisan”. Аўтаркай ідэі “голага календара” стала пісьменніца, перакладчыца і паэтка Марыйка Мартысевіч.

— Сама ідэя прагучала год таму ў коле маладых літаратараў як жарт, — патлумачыла яна. — Я нават не думала, што гэта ўвасобіцца ў нешта рэальнае.

Тым не менш яе прапанова адразу знайшла аднадумцаў. Падтрымаць целам і душой гэтую ініцыятыву згадзіліся 12 аўтараў. Сярод іх — Віктар Шалкевіч, Віталь Рыжкоў, Юрась Барысевіч, Севярын Квяткоўскі, Анатоль Івашчанка, Андрэй Такінданг, Андрэй Хадановіч, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Адамовіч, Усевалад Сцебурака, Ілья Сін, Лявон Вольскі.

Як распавяла Марыйка Мартысевіч, першапачаткова спіс літаратараў, якія б маглі стаць голым увасабленнем сучаснай літаратуры, складаўся з 50 прозвішчаў. Аднак не ўсе творцы навыперадкі кінуліся распранацца для календара.

— Хтосьці адразу адмовіўся, хтосьці спачатку згадзіўся, а потым перадумаў, хтосьці не змог па асабістых прычынах, — патлумачыла літаратарка. — Напрыклад, Уладзімір Арлоў на час фотаздымак трапіў у бальніцу, Уладзімір Някляеў быў у замежжы, Адам Глобус хацеў, каб яго фатаграфавала выключна жонка, а Васіль Сёмуха, хоць і сказаў, што падтрымлівае нашы маладыя выбрыкі, але заявіў, што ў свае 73 гады наўрад ці распранецца.

Марыйка Мартысевіч прызналася, што ў яе “была мара распрануць Паўла Севярынца”, але той далікатна адмовіўся. На пытанне, наколькі “далікатна”, дзяўчына толькі ўздыхнула:

— Ну не пракляў, і дзякуй!

Тыя ж, хто згадзіўся, узяліся за справу без усялякіх дадатковых ўгавораў. Як прызнаўся фатограф Андрэй Шчыкін, асаблівых намаганняў па разнявольванні “мадэлей” прыкладаць не прыйшлося.

— Усе прыйшлі падрыхтаваныя, — запэўніў фатограф.

Самі ж удзельнікі фотасесіі па-рознаму падышлі да працэсу. Напрыклад, Андрэй Адамовіч папрасіў не шукаць у гэтых фотаздымках эратычнага падтэксту.

“Гэты праект — чыста эстэтычная акцыя, а не эратычная ці парнаграфічная, — прыводзяць ягоныя словы аўтары праекту. — Думаю, што калі б я быў дзяўчынай, дык не пагадзіўся б удзельнічаць ці, прынамсі, вельмі доўга вагаўся б. Бо тады б заставалася верагоднасьць, што хтосьці можа лічыць гэта эротыкаю. А так... Прынамсі, мае фотаздымкі эротыкай ніхто не палічыць. (Нядобра хіхікае.)

На пытанне, хто каму усё ж такі плаціў — аўтары мадэлям ці мадэлі аўтарам, — Марыйка Мартысевіч запэўніла: “Всё было по любви!”

Адзначым, што выраблены прадукт павінен зацікавіць не толькі аматараў аголенай натуры. У каляндар таксама ўвайшлі ўрыўкі з лепшых тэкстаў аўтараў, іх інтэрв’ю і замалёўкі на тэму “Канец словаў”, што стала назвай праекту.

— Гэта своеасаблівая “чытанка-разгляданка”, — патлумачыў суаўтар і распрацоўшчык канцэпцыі крытык Максім Жбанкоў, — Каляндар гэты вечны і можа быць карысны для ўсіх. Той, хто гламурна заклапочаны, можа пакінуць сабе толькі выявы. Той, хто заклапочаны культурна, — толькі тэксты.

Па словах суаўтаркі і распрацоўшчыцы канцэпцыі Дар’і Сітнікавай, пры стварэнні праекту ставілася мэта “павярнуць беларускую літаратуру тварам да чытача і парушыць той саўкова-школьны імідж белліту”.

— Мы хацелі звярнуць увагу на нашых творцаў, — адзначае Максім Жбанкоў. — Калі мы можам выкарыстаць гламурны рэсурс у мэтах папулярызацыі нацыянальнай культуры – чаму не?

Андрэй Такінданг

Лявон Вольскі

Андрэй Хадановіч

Юрась Барысевіч

Анатоль Івашчанка

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)