Общество

Беларускія католікі адсвяткуюць 400-годдзе Маці Божай Будслаўскай

5-6 ліпеня ў Будславе пройдзе юбілейны фэст, на якім ушануюць старадаўні абраз апякункі Беларусі.

Традыцыя масавых пілігрымак у Будслаў аднавілася за незалежнасцю, на пачатку 1990-х.

Вернікі з Беларусі і ўсяго свету пешшу і цягнікамі, машынамі і аўтобусамі сыходзяцца і з’язджаюцца да касцёла пакланіцца абразу, які называюць Нябеснай Апякункай Беларусі. Фэст у Будславе зрабіўся самым велічным і, урэшце, самым беларускім святам краіны.

Юбілейны фэст, прысвечаны 400-годдзю прабывання абраза Маці Божай у Будславе, адбудзецца 5–6 ліпеня. Сёлетнія ўрачыстасці пройдуць пад дэвізам «Марыя — Маці нашай веры».

Гэты абраз быў падораны ў 1598 годзе папам рымскім Кліментам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці Паца вобраз перайшоў капелану Ісаку Салакаю, які ў 1613 годзе падарыў яго Будслаўскаму манастыру бернардынцаў. Абраз праславіўся цудамі лячэння, якія былі апісаныя настаяцелем Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы “Задыяк на зямлі”.

У гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў абраз быў вывезены ў мястэчка Сакулка пад Беласток. Бернардынцы літоўскай правінцыі ўсяляк прапагандавалі культ абраза, а з пачатку XIX стагоддзя друкавалі яго на гравюры. Пасля ліквідацыі манастыра ў 1859 годзе папулярнасць абраза памяншаецца. І толькі з пачатку 1990-х гадоў адраджаецца яго культ, арганізуюцца паломніцтвы, прымеркаваныя да 2 ліпеня — дня каранацыі абраза. 2 ліпеня 1996 года папскі нунцый арцыбіскуп абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая захавальніцай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Важным акцэнтам цяперашняга юбілею стане завяршэнне перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па епархіях Беларусі. У прысутнасці папскага легата Жана-Луі Тарана ў Будславе з гэтай нагоды будуць асвечаныя крыж і памятны знак. Менавіта ад яго, як ад кардынала-пратадыякана, увесь свет пачуў знакамітае “Habemus Papam” 13 сакавіка 2013 года, калі ён абвясціў пра абранне Папы Францыска, інфармуе сайт catholic.by.

Будслаўскі абраз Божай Маці з'яўляецца адным з найбольш шанаваных абразоў не толькі сярод каталікоў, але і сярод праваслаўных і ўніятаў Беларусі.

Праграма фэсту

5 ліпеня, пятніца

• 13.00 -17.00 — сустрэча і прывітанне пілігрымаў кусташам санктуарыя

• 16.00 — прынясенне копіі абраза Маці Божай у Будслаў

• 17.45 — прынясенне рэліквій св. Тэрэзы з Лізьё (размяшчэнне на алтары)

• 18.00 — святая Імша для пілігрымаў з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі (алтар на сцэне)

• 20.30 — Марыйныя Нешпары (алтар на сцэне)

• 21.00 — Крыжовы шлях вакол парка

• 22.30 — Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы (алтар на сцэне)

• 23.00 — рахунак сумлення (алтар на сцэне)

• 23.40 — падрыхтоўка да працэсіі

• унясенне прадстаўнікамі 4 дыяцэзій копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, якая пілігрымавала па Беларусі

• 24.00 — працэсія з копіяй абраза Маці Божай вакол парка, пасля — святая Імша (алтар на сцэне)

6 ліпеня, субота

• 02.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (праводзіць моладзь у касцёле)

• 02.00 — святая Імша паводле грэка-каталіцкага абраду (алтар на сцэне)

• 02.00 — моладзевая праграма ў намётавым гарадку

• 05.30 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і заканчэнне адарацыі ў касцёле

• 06.00 — святая Імша на польскай мове (цэлебруюць айцы бэрнардзіны ў касцёле)

• 07.30 — Ружанец (алтар на сцэне)

• 09.00 — святая Імша (алтар на сцэне)

• уручэнне прызоў пераможцам конкурсу «Ave Maria» «Будслаў — прызнанне ў любові»

• 11.00 — галоўная святая Імша (алтар на сцэне). Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Эўхарыстычная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай і рэліквіямі св. Тэрэзы. Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Пасля Імшы адбудзецца гашэнне маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею.

(У праграме магчымы змены.)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)