Беларускім словам 2021 году стала слова «Чабор»

Яго выбралі карыстальнікі сацсетак.

У выбары слова году беларусы ўдзельнічаюць ужо ў восьмы раз. Чытачы сацыяльных сетак разам з экспертамі — журналістамі і мовазнаўцамі — спачатку абіраюць дзесяць словаў у кароткі спіс, а затым выбіраюць пераможцу.

Сёлета, паведамляе Радыё Свабода, у галасаванні ўзялі ўдзел карыстальнікі Facebook, Instagram, Telegram і YouTube — агулам каля 4 000 чалавек.

З вялікім адрывам у спісе асабліва важных сёлета слоў перамог чабор — назва зёлкі і кветкі, духмяны складнік карыснай для здароўя гарбаты, а таксама прыгожы вобраз з вядомых паэтычных радкоў Петруся Броўкі «Пахне чабор». Яго выбрала амаль траціна ўдзельнікаў анлайн-галасавання.

Сярод іншых варыянтаў у кароткі спіс, дарэчы, увайшлі словы «годнасць», «палітвязень» (яны занялі ў галасаванні другое і трэцяе месцы), «надзея», «ліст салідарнасці», «уцякач», «прышчэпка», «маска», «мігрант», «экстрэміст».

У іншых мовах словы году, дарэчы, пераважны звязаныя з пандэміяй каранавірусу. Напрыклад, у нямецкай моўным сімвалам 2021-га стала der Wellenbrecher — «хвалялом» (так называюць зараз захады, якія мусяць спыніць новыя хвалі пандэміі). Амерыканцы выбралі словам году vaccine, а брытанцы — яго размоўны варыянт vax.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)