"Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала зварот да міністра інфармацыі

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 26 верасня накіравала зварот да міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча ў сувязі з прыпыненнем дзейнасці на тры месяцы недзяржаўнага літаратурна-мастацкага і навукова-папулярнага часопіса "ARCHE. Пачатак".

У афіцыйным лісце патрабуецца адмяніць загад аб прыпыненні дзейнасці выдання і пісьмовае папярэджанне, вынесенае ў адрас рэдакцыі часопіса.

“Вынясенне санкцый за змест сродку масавай інфармацыі пры адсутнасці з боку рэдакцыі злоўжыванняў свабодай масавай інфармацыі з’яўляецца, на наш погляд, умяшаннем у дзейнасць і парушэннем прафесійнай самастойнасці рэдакцыі, што ў адпаведнасці з арт. 48 закона “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” прызнаецца замахам на свабоду масавай інфармацыі,” — выказвае меркаванне ГА “БАЖ” ў лісце да міністра інфармацыі і звяртае ўвагу на тое, што “пазасудовае прыпыненне дзейнасці СМІ органам выканаўчай улады парушае і міжнародна-прававыя абавязкі Рэспублікі Беларусь.” У прыватнасці, узгадваецца арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага нашай краінай, і аналагічныя правілы, замацаваныя ў Канвенцыі СНД аб правах і асноўных свабодах чалавека.

З’яўленне матэрыялаў грамадска-палітычнага характару ў любым сродку масавай інфармацыі яшчэ не сведчыць аб змяненні яго тэматыкі, — лічыць ГА “БАЖ” і падкрэслівае, што “ў беларускім заканадаўстве не замацавана, які аб’ём нумару можа быць адведзены пад матэрыялы таго ці іншага характару... Гэта пацвярджаецца і тым, што ў арт. 10 закона “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” гаворыцца, што заснавальнік у заяве аб рэгістрацыі СМІ павінен указваць прыкладную, а не дакладную тэматыку і (альбо) спецыялізацыю СМІ.”

Нагадаем, 19 верасня Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад часопіса “ARCHE” тэрмінам на тры месяцы і зрабіла чарговае пісьмовае папярэджанне. У загадзе міністра сцвярджаецца, што зроблена гэта ў сувязі з тым, што, надрукаваўшы публікацыі грамадска-палітычнага характару, часопіс “ARCHE. Пачатак” змяніў тэматыку і не паведаміў аб гэтым своечасова для ўнясення адпаведнага змянення ў рэгістрацыйнае пасведчанне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)