Общество

Беларуска, якая выздаравела ад каранавірусу: «Я за ўвядзеньне карантыну»

Тацьцяна Яфрэмава зь Віцебску была першай грамадзянкай Беларусі, у якой знайшлі новую інфэкцыю, пiша Радыё Свабода.

Дызайнэрка зь Віцебску Тацьцяна Яфрэмава даведалася пра хваробу неўзабаве пасьля вяртаньня з Італіі, дзе была ў камандзіроўцы. Дыягназ ёй паставілі 2 сакавіка. Хвароба працягвалася роўна два тыдні. Тацьцяна расказала, што 15 сакавіка яе ўжо прызналі здаровай.

— Тэсты маіх аналізаў ужо адмоўныя, сёньня мне паведамілі, што каранавірусу ў мяне ўжо няма, — сказала Свабодзе Тацьцяна. — Што будзе са мной далей, як доўга прабуду ў шпіталі, пакуль ня ведаю. Думаю, мне скажуць пра гэта неўзабаве. Пра хваробу шмат расказаць не магу. Падазраю, што ў мяне быў аблегчаны варыянт. Кашаль, закладзены нос, запаленьне вачэй. Цяпер нармальна пачуваюся.

Жанчына параўноўвае каранавірус са звычайнай прастудай. Аднак адзначае, што, нягледзячы на гэта, добра разумее мэдыкаў, якія папярэджваюць пра небясьпеку інфэкцыі.

— Я магу гаварыць толькі пра сытуацыю, якая была са мной, — дадае Тацьцяна. — У мяне быў адзін зь першых выпадкаў, і мяне тут даглядалі. Мяркую, панікаваць нельга ні ў якім выпадку. Але неабходна берагчы сябе, сачыць за сваім здароўем і здароўем сваіх блізкіх. Пра гэта гаворыць і прыклад краін, якія цяпер закрываюцца на карантын.

Пасьля выяўленьня каранавірусу ў Тацьцяны лекары абсьледавалі таксама яе родных. Ні ў кога зь іх захворваньне не пацьвердзілася, аднак ім давялося адбыць карантын.

— Пасьля ўсяго гэтага ты разумееш, што пад пагрозай такога невядомага вірусу можа знаходзіцца твая сямʼя, вялікая колькасьць людзей з твайго атачэньня, — гаворыць жанчына. — Вядома, гэта накладае свой адбітак. Дзякуй Богу, мая сямʼя ўжо дома, вынікі іх аналізаў на каранавірус былі адмоўныя.

Я буду прымаць захады, рабіць ўсё, што магчыма, каб хвароба нас не закранула. У навучальных установах, дзе вучацца дзеці, яшчэ карантын. Пакуль я не ведаю на 100%, што будзе далей. Але ўсе санітарныя патрабаваньні мы будзем выконваць. Легкадумнасьць тут не да месца, усе павінны парупіцца за сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(24)