Общество
Алена Акуліч, Еўрарадыё

Беларусам падыходзіць толькі адзін атамны рэактар?

Еўрарадыё паразмаўляла, магчыма, з будучым праектавальнікам беларускай АЭС — “атамным” канструктарскім бюро ў Ніжнім Ноўгарадзе, і даведалася, што выбар рэактараў для нашай краіны абмежаваны з-за асаблівасцей электрасетак.

Французскі ядзерны рэактар для Беларусі таксама не падыходзіць, бо ён нібыта занадта моцны. Беларускі ўрад гэта ведае, але чамусьці гаворыць пра тэндэр на набыццё АЭС. На самой справе, выбару няма?

У панядзелак прэзідэнт падпісвае першы ўказ пра будаўніцтва АЭС. Наступным днём намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук гаворыць, што неўзабаве будзе аб’яўлены тэндэр на набыццё атамнай электрастанцыі. І ўдакладняе — “без Расіі” АЭС пабудаваная не будзе. Як стала вядома Еўрарадыё, сёння ў Мінску знаходзяцца прадстаўнікі Навукова-даследчага і праектна-канструктарскага інстытута імя Афрыкантава, што месціцца ў Ніжнім Ноўгарадзе. Гэтая ўстанова лічыцца лідэрам у галіне атамнай энергетыкі Расіі і спецыялізуецца на праектаванні рэактараў і АЭС. Два месяцы таму ў “рэактарным інстытуце” пабываў віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Андрэй Кабякоў. Еўрарадыё датэлефанавалася ў Ніжні Ноўгарад да намесніка начальніка аддзела знешняй эканамічнай дзейнасці Аляксандра Загляднава, каб даведацца, які рэактар нам падыйшоў:

Аляксандр Загляднаў: Сур’ёзныя перамовы з нашай сустрэчы ў Ніжнім Ноўгарадзе пакуль не працягваліся. Былі толькі прыватныя тэлефанаванні з вашага боку, каб удакладніць некаторыя дэталі канструкцыі. Мы працуем ў асноўным з ядзерным інстытутам у Соснах. Але цікавасць была на ўзроўні Міністэрства энэргетыкі.

Як даведалася Еўрарадыё, беларусы зацікавіліся атамным рэактарам ВБЭР-300. Канструктарскае бюро называе яго сваім “каньком”. Але пакуль гэта толькі эксперыментальны праект. Нідзе такі рэактар не працуе:

Аляксандр Загляднаў: “Такі рэактар пакуль не існуе, але ён актыўна прасоўваецца. Гэта новая распрацоўка, якой, апроч беларусаў, зацікавіліся ў Казахстане. 300 — гэта магутнасць, і не вельмі вялікая, хутчэй нават лакальная. А на базе рэактара ВВЭР-1000 працуе расійская электрасетка. Мы арыентуемся на жаданне замоўцы. Па словах беларускай дэлегацыі, вашыя энергетычныя сеткі не дастаткова магутныя. Таму рэактар з магутнасцю 1000, ці, як прапаноўваюць французы, 1500 для вас мнагавата”.

Такім чынам, здаецца, выбар у беларусаў невялікі?

Па словах расійскага навукоўца, рэактары ВВЭР-1000 і ВБЭР-300 падобныя. ВВЭР 1000, які выкарыстоўваюць у Расеі — гэта водавадзяны рэактар. Гэта значыць, што ў якасці запавольніка і цепланосьбіта выступае вада. ВБЭР-300 — гэта вадзяны блочны рэактар, ён нібыта больш бяспечны:

Аляксандр Загляднаў: “Слова “блочны” наўмысна пастаўлена ў назву, бо канструктарская кампаноўка блоку такая, што выключаецца магчымасць аварыі разрыву труб вялікага дыяметра. Гэты рэактар больш бяспечны, але не такі магутны”.

Цікава, што кошт рэактара засакрэчаны. Але, па словах прадстаўніка канструктарскага бюро, замежныя і расійскія рэактары каштуюць прыкладна аднолькава. Уся справа ў больш танным расійскім уране:

Аляксандр Загляднаў: “Кошт рэактара я вам назваць не магу, бо гэта камерцыйная таямніца. Кошт рэактара ВВР-1000, якім зараз карыстаюцца ў Маскве, напрыклад, гэта свайго кшталту канстанта. Яго замежныя аналагі каштуюць прыблізна столькі ж. Але ў параўнанні з еўрапейскімі і амерыканскімі рэактарамі паліва (я маю на ўвазе ўран) для расійскіх таннейшае ў два разы”.

На пытанне, колькі рэактараў ВБЭР-300 спатрэбіцца для беларускай АЭС, спадар Загляднаў зазначыў, што як мінімум два. І растлумачыў чаму:

Загляднаў: “Звычайна атамная станцыя складаецца з двух блокаў. Паліва загружаецца ў рэактар на год. А пасля патрэбны час, каб яго перазагрузіць цягам двух тыдняў. Каб не было перабояў з энергіяй, у той час, калі адзін з блокаў стаіць, другі яе вырабляе. Таму і неабходна будаваць як мінімум двухблочную АЭС”.

Дарэчы, Казахстан, якому таксама прыглянуўся “беларускі” рэактар ВБЭР-300, ужо стварыў з Ніжнім Ноўгарадам сумеснае прадпрыемства “Атамныя станцыі”. Як даведалася Еўрарадыё, на перамовы паміж канструктарскім бюро і Казахстанам сышло два гады. Назарбаеў асабіста ўдзельнічаў у перамовах. Так што першымі “эксперыментальны” рэактар выпрабуюць не на беларусах, а на казахах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)