Общество

Сяргей Цвярдычаў

Беларус-валанцёр: «Карціна ўражвала — няспынны натоўп уцекачоў, вогнішчы на вуліцы»

 Студэнт ЕГУ — пра вопыт валанцёрства ў польскім пункце прыёма ўкраінскіх уцекачоў.

У мірны час з Усеваладам Лагуном мы напэўна б размаўлялі пра асаблівасці еўрапейскай адукацыі, здольнасць таленавітага студэнта да вывучэння моў ці абмяркоўвалі б глабальныя эканамічныя працэсы. Аднак вайна ва Украіне адсунула ўсё на другі план.

Беларускі валанцёр распавядае «Салідарнасці» пра шэраг разгубленых людзей, сучасную чалавечую драму і досвед дапамогі ўцекачам у Польшчы.

«Усе прыязджалі з дрэннымі навінамі»

 — Калі пачалася вайна, купіў лекі, ежу, збіраў гуманітарку, але разумеў, што хачу рабіць больш, а фінансы не дазваляюць, — кажа 18-гадовы студэнт. — Даведаўся, што аднагрупніцы збіраюцца ехаць аўтастопам на польска-украінскую мяжу, і далучыўся да іх. Так мы апынуліся ў невялікім горадзе Любыча Крулеўска, які знаходзіцца каля ўкраінскай мяжы, наўпрост на шляху з Львова ў Варшаву.

Фота Вадзіма Заміроўскага

Мясцовую школу абсталявалі пад цэнтр рэгістрацыі. Там можна было атрымаць медыцынскую дапамогу, гарачую ежу, бясплатную SIM-картку, адзенне і абутак, а таксама адпачыць — у спартовай залі павесілі фіранкі, паставілі ложкі.

Размяшчэнне пункта прыёма ўцекачоў істотна змяніла жыццё польскага гарадка. Такі наплыў замежнікаў Любыча Крулеўска, здаецца, раней не бачыў: туда прыязджалі амерыканцы, немцы, французы, аўстралійцы і інш.

Валанцёры, прадстаўнікі розных фондаў і простыя людзі імкнуліся дапамагчы хоць нечым. Хтосьці адвозіў учекачоў у буйныя гарады, хтосьці дапамагаў знайсці жыллё, хтосьці запаўняў анкеты.

— Карціна ўражвала: няспынны натоўп уцекачоў, вогнішчы на вуліцы, — апісвае ўбачанае ў першыя дні малады чалавек. — Першыя гадзіны мы нават не ведалі, што рабіць — усе адказныя былі занятыя і не маглі выдзяліць нават некалькі хвілін, каб размеркаваць абавязкі.

Нарэшце, беларускім валанцёрам выдалі камізэлькі, і яны атрымалі першае заданне — трэба было сустракаць, накіроўваць і па магчымасці заспакойваць уцекачоў.

Фота Усевалада Лагуна

Разгубленасць — вось, што аб’ядноўвала амаль усіх, хто трапляў да валанцёраў, кажа Сева:

— Усе прыязджалі з дрэннымі навінамі. Многія згубілі кагосьці альбо штосьці — родных, сяброў, дом… Некаторым патрэбна была медыцынская дапамога — на гэты выпадак працавалі лекары.

Напроўст у пункце рэгістрацыі з жанчынай, якая здолела ўцягчы з Харкава, здарыўся інфаркт — сэрца не вытрымала перажытага. На жаль, выратаваць яе медыкі не змаглі.

Гэта адзін з шматлікіх жахаў вайны. Неўзабаве муж жанчыны застаўся адзін, па-за межамі дома і роднай краіны. Ён быў настолькі разгублены, што нават не разумеў, дзе шукаць цела жонкі, каб пахаваць яе. У трагічны момант валанцёры былі побач — дапамагалі ўсім, чым маглі.

«Знаєте, куди їхати, у вас є житло, є родичі?»

У свае васямнаццаць год Усевалад Лагун, які нарадзіўся ў Наваполацку, атрымаў няпросты досвед: перажыў палітычны пераслед, вымушаны быў пакінуць Беларусь, а зараз жыве і вучыцца ў Вільні (у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, спецыяльнасць — сусветная палітыка і эканоміка).

Адукаваны і таленавіты хлопец мае здольнасці да вывучэння моў. Акрамя беларускай і рускай, размаўляе па-украінску, па-польску і па-ангельску.

Фота Вадзіма Заміроўскага

Веды вельмі спатрэбіліся падчас працы валанцёрам — Севе даручылі рэгістраваць уцекачоў і дапамагаць ім з інфармацыяй: некаторыя з украінцаў з цяжкасцю разумелі палякаў і наадварот.

— Заўсёды спачатку пытаўся: знаєте, куди їхати, у вас є житло, є родичі? — падчас інтэрв’ю хлопец з лёгкасцю пераходзіць на ўкраінскую мову. — Якщо ні, давайте покажу сайт, за допомогою якого можна орендувати квартиру. Не витрачайте час, а займіться пошуком.

Як кажа валанцёр, на шляху ў Польшчу думкі ўкраінцаў былі звязаныя з тым, каб не трапіць пад бомбы ці кулямётны абстрэл. Адзінай мэтай было як-небудзь даехаць да бяспечнага месца.

А апынуўшыся ў лагеры, уцекачы разумелі, што гэта яшчэ не ўсе выпрабаванні. Яны не разлічвалі, што прыйдзецца прыкладаць намаганні, каб знайсці жыллё. Растлумачыць і падказаць шляхі вырашэння праблем было адной з галоўных задачаў для валанцёраў.

Пункт у Любыча Крулеўска адным з першых прымаў хвалю ўцекачоў. Там немагчыма было дапамагчы кожнаму індывідуальна. Звычайна людзей накіроўвалі далей.

— Я ж займаў досыць жорсткую пазіцыю — нельга адпраўляць у невядомасць, — тлумачыць беларус. — А што далей? Сядзець у Варшаве ці Кракаве? Таму імнкуўся даць канкрэтныя парады ці дамовіцца з арэндатарамі. Некаторыя хацелі застацца бліжэй да Украіны. Але гэта было цяжка, бо ў Люблінскім і Падкарпацкім ваяводстве і так шмат уцекачоў.

Большасць украінцаў у Любыча Крулеўска надоўга не затрымліваліся — многія пакідалі пункт для ўцекачоў на працягу содняў.

З аднаго боку заставацца доўга было цяжка — па псіхалагічных і іншых абставінах. Увесь час нехта хадзіў, святло не выключалася, нават ноччу маглі гучаць абвяшчэнні. З другога — у многіх уцекачоў не было аніякага плану і грошай.

Фота Вадзіма Заміроўскага

Таму на валанцёраў абрынулася некалькі задач, сярод якіх — супакоіць людзей, даць ім канкрэтныя парады і адказаць на пытанні.

— Дарослыя былі больш напужаныя, чым дзеці, — дзеліцца назіраннямі малады чалавек. — У многіх — крыўда і злосць на ворага. Людзі разумелі, што пасля заканчэння вайны вяртацца будзе некуды. А вось дзеці вялі сябе інакш. Я не бачыў, каб яны былі напружаныя — гулялі ў мяч з паліцэйскімі. А калі нам стала трошку прасцей, то мы сталі рабіць для іх квэсты.

«Кадры з Сумской вобласці, Марыўпаля, Харкава вынікалі з расповедаў уцекачоў»

— Першы час, калі працаваў валанцёрам, я не чытаў навіны, — прызнаецца Усевалад. — Усё было бачна па тварах уцекачоў. Мне хапала іх гісторый. Кожны так ці інакш расказваў пра тое, што давялося перажыць. Кадры з Сумской вобласці, Марыўпаля, Харкава нібыта паўставалі перад вычыма.

Валанцёры нават прызвычаіліся да шэрагу цяжкіх расповедаў, якія пачыналіся з тужлівага ўздыха. Але некаторыя выпадкі патрабавалі неардынарных крокаў. Напрыклад, адна жанчына з Краматорску вывезла пятнаццаць кошак. Сорак гадзін яны правялі ў пластыкавых скарбонках.

— Прапанаваў часова аддаць жывёл у прытулак, але яна катэгарычна адмаўлялася, — успамінае валанцёр. — Я разумею, як складана развітвацца. Аднак ў той жа час цяжка было ўявіць, што нехта пагадзіцца прытуліць яе з такой бандай.

Дзіўна чуць, але некаторыя ўкраінцы збіраліся ехаць у Беларусь. Адна з уцекачак вырашыла, што ёй патрэбна ў РБ.

— Я спрабаваў акуратна патлумачыць, што яе чакае, разумеючы бесперспектыўнасць адгаворванняў, — кажа Усевалад. — Але нават аргумент пра немагчымасць перавесці грошы яе не пераканалі — валанцёры давезлі жанчыну да польска-беларускай мяжы.

У пункце для ўцекачоў таксама назіраўся адваротны працэс — праз польскі горад ехалі тыя, хто збіраўся абараняць Украіну. З пачатку вайны туды вярнуліся больш за паўмільёны чалавек.

— Дапамагаў збіраць ім неабходныя рэчы — ежу, ваду, лекі, — пералічвае беларускі валанцёр. — Па іх словах, найперш, куды яны накіроўваліся, гэта быў ваенкамат, а пасля яны гатовыя былі ехаць на вайну.

Фота Вадзіма Заміроўскага

«У амерыканскіх валанцёраў адбылося жорсткае сутыкненне з рэальнасцю»

Усевалад кажа, што спачатку ставіў мэту пратрымацца ў пункце для ўцекачоў некалькі дзён. Але з таго часу ён пабываў там двойчы і збіраецца ў трэці раз: «Лічу, што гэта наша агульная справа. Калі Украіна пераможа, то-бок хутчэй адбудуцца змены ў Расеі і Беларусі. Адзін рэгіён — адзіныя праблемы. Усё ўзаемазалежна».

Што тычыцца адносінаў да беларусаў, то, па яго словаз, ніводнай крыўды і абразы ён не пачуў:

— Украінцы мне казалі: мы вам, палякам, дзякуем, што нас прыймаеце. Адказваю: я не паляк. «Значыць украінец, раз так добра балакаеш па-нашаму?», — пытаюцца. Не, я беларус… Пасла паўзы зноў пычынаюць дзякаваць.

Апроч дапамогі і моўнай практыкі, беларускі студэнт пашырыў кола знаёмстваў. Ён паспеў пасябраваць з амерыканскімі валанцёрамі, якія, па яго назіраннях, знаходзіліся ў пэўнай фустрацыі: «Ім цяжка было зразумець, чаму я апынуўся ў Польшчы, як сталася, што ехаў не з Беларусі. У іх было адчуванне, што большасць свету жыве ў дэмакратыі і атрымлівае прыстойны заробак. А тут — жорсткае сутыкненне з рэальнасцю».

Фота Вадзіма Заміроўскага

…Пасля інтэрв’ю мы крочылі па вуліцах чужога горада, які стаў для многіх беларусаў прытулкам, а я ніяк не мог пазбавіцца ад адчування, колькі таленавітых і перспектыўных людзей страціла наша краіна. Жорсткая гісторыя нібыта выціснула іх з родных мясцінаў і згубіла, спадзяюся, не назаўжды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)