Беларусь гандлюе ўранам, якога ня мае?

Беларусь атрымае ядзерны рэактар на нізкаўзбагачаным уране ўзамен за сваю адмову ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану, які можа выкарыстоўвацца для вырабу ядзернай зброі. Пра гэта паведаміла амэрыканскае агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Раней Беларусь на саміце АБСЭ ў Астане абвясьціла, што зьліквідуе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратаркі ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава.

"Міністар замежных справаў Беларусі абвясьціў аб тым, што Беларусь прыняла рашэньне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе", – адзначаецца ў заяве.

У заяве не пазначана, якую колькасьць высокаўзбагачанага ўрану мае Беларусь.

Сёлета ў красавіку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсьць "сотні кіляграмаў" высокаўзбагачанага ўрану і што ён выкарыстоўваецца выключна ў навуковых мэтах. Паводле амэрыканскага Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў у Мантэрэі, Беларусь мае каля 170 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану ў Аб'яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў – Сосны. Паводле іншых, неафіцыйных крыніцаў, высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі значна менш – каля 40 кіляграмаў. Але нават такой колькасьці дастаткова, каб вырабіць некалькі ядзерных бомбаў.

Як паведаміла Associated Press са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, паводле падпісанай цяпер дамовы Беларусь перадасьць Расеі 220 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану. Аднак, як сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, пакуль нельга сказаць, якая частка гэтага ўрану прыдатная для вырабу ядзернай зброі.

Супольную заяву ЗША і Беларусі адносна ўрану мы папрасілі пракамэнтаваць палітыка, доктара фізычна-матэматычных навук, спэцыяліста ў пытаньнях ядзернай фізыкі Станіслава Шушкевіча.

– Як вы ўспрынялі інфармацыю аб ліквідацыі беларускага ўрану? Што гэта, чарговы прагматычны крок афіцыйнага Менску?

– Я наогул ня ведаю, што гэта за спэктакль, пастаўлены беларускім бокам. Таму што ў Беларусі не было і няма гэтага ўзбагачанага ўрану. Адкуль ён мог узяцца? Калі ён ёсьць, ён у такім забруджаньні, і яго трэба выдзяляць на такіх прадпрыемствах, якіх у Беларусі няма.

Таму я разглядаю гэта як спэктакль, пастаўлены беларускай уладай, каб паказаць, што ў яе ёсьць нейкія станоўчыя захады. Не было гэтага ўрану.

Усю ядзерную зброю мы вывелі. У свой час я ў Белавескай пушчы сказаў, што мы яе вывядзем без усялякіх перадумоў. Яна была выведзеная. Усе дакумэнты былі падпісаныя яшчэ ў маю бытнасьць старшынём Вярхоўнага Савету РБ.

Відавочна, ёсьць у нас тона забруджанага ад былога дасьледчага рэактара ў соснах, і гэты бруд трэба некаму сплавіць пад выглядам ня ведаю чаго. Зь яго можна зрабіць бомбу, калі звычайную бомбу начыніць гэтым уранам, які якая рассыпле гэтую радыёактыўнасьць навокал. Можна зрабіць "брудную" бомбу. Але нічога ядзернага ў нас больш няма, ні ўрану, ні плютонію. Мне здаецца, гэта ўсё вялікая правакацыя нашага ўраду.

– Вы сьцьвярджаеце, што ядзерны ўран быў у 1990-я гады цалкам выведзены зь Беларусі і цяперашнія гаворкі пра 100, 200, 300 кіляграмаў высокаўзбагачанага беларускага ўрану – ня больш чым фальшывая інфармацыя?

– Гэта міт. Адкуль ён мог узяцца? У Беларусі няма прамысловасьці, якая можа ўзбагачаць. І ў Беларусі не было такіх дасьледаваньняў, дзе патрабавалася б адчувальная колькасьць узбагачанага ўрану. Іх не было наогул у Беларусі. Гэта ўсё выдумка, вялікая правакацыя. Я ня ведаю, хто там на гэта пайшоў, і хто гэтыя байкі слухае.

– Гаворка ідзе пра тое, што была падпісаная заява міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і дзяржсакратркаю ЗША Гілары Клінтан. Вы дапускаеце, што амэрыканскі бок увялі ў зман?

– Я думаю, што амэрыканскі бок мае там нейкія іншыя пункты, на гэта ён проста не зьвяртае ўвагу, бо ён добра ведае, што ў нас урану, зь якога можна рабіць ядзерную зброю, няма. Ні ўрану, ні плютонію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)