Бахарэвіч: «Глядзі і ўяўляй, што гэта твой дом, што гэта твая вуліца, што гэта твая маці бяжыць па ёй»

Пісьменнік — пра сяброўства і вайну.

— Хто цябе ведае... Можа, ты гэта ўсё ж прачытаеш, мой колішні школьны сябар, мой былы сябар, мой сябар Лёха. Спадзяюся, што прачытаеш, — піша Альгерд Бахарэвіч.  

Памятаеш, як у 2015-м я заехаў да бацькоў у Шабаны, а потым зайшоў да цябе на каву. У цябе на кухні, на лядоўні, проста над маёй галавой, роў тэлевізар, роў з Масквы проста на наш з табой Менск: роў пра Данбас, пра «освобождение», шчабятаў пра «фашыстаў», пра «величие». 

Памятаеш? Як ты ўхвальна гмыкаў, слухаючы выбухі ў тэлевізары, і як асьцярожна паглядваў на мяне, бо ведаў, што літасьці ад мяне чакаць ня варта. І як — ведаючы, што будзе — сказаў уголас тое, што думаў. То бок ты быў упэўнены, што гэта думка. Бо такія, як ты, называюць думкамі ўсё, што засунуць вам у галовы.

— О, нормально давят этих гадов.

— Ты пра каго?

І як я далікатна, як дзіцю, пераадольваючы фізыялягічную агіду і кароткі шок, пачаў сваю маленькую спэцапэрацыю з мэтай цябе ўратаваць. Ад хлусьні, ад усяго гэтага гаўна, ад апошняга кроку, у апошнюю прорву. Трэба было патлумачыць табе, што ты робіш.

— Што ты кажаш?

— А што?

— Што ты робіш?

— А што?

— Што ты, бл..., робіш, Лёха?

Я раптам зрабіўся нібы наэлектрызаваны. Ня мог узяць кубак. Памятаеш? Ня мог піць тваю каву. І як ты пачаў пра «родственников в России», і пра «фашистов», і пра «величие». І пра тое, што будзеш «предателем», калі мяне паслухаеш.

— Як кава?

— Файная кава. Але паслухай...

— Не, канчай, Алежка, давай лепш пра каву. Угости сигаретой. Это ж все политика. Дружба ж важней, по любому.

А потым ты пайшоў правесьці мяне да прыпынку ў Трасьцянцы. Начапіўшы на сябе тую самую стужачку, калярадзкую стужачку. Памятаеш?

— Дзе ты гэта ўзяў? — запытаўся я ў цябе, як у дзіцяці. — Дзе ты, бл..., гэта падабраў? Табе 40 гадоў, Лёха. Ты ж дарослы мужык.

— А что такого? У меня дед на войне погиб. І я буду ходить с этой ленточкой. Георгиевской. А эти ихние с цветочками — это все х...ня.

І было ясна, калі я садзіўся тады ў марудную, нібы загіпнатызаваную «дзявятку», што больш да цябе я ніколі ўжо не зайду. Ні на каву, ні на пакурыць. А потым ты тэлефанаваў і казаў штосьці пра «дружбу». І рабіў выгляд, што не было ні таго дня, ні той «ленточкі».

Твой голас гудзеў, нібы тэлевізар у цябе на лядоўні, ты гаварыў як дыктар нейкага орт. Тымі самымі словамі. Не было ў табе нічога твайго, апрача твайго голасу, які дрыжаў, як у дзіцяці. І было ясна, што мая спэцапэрацыя правалілася.

Я дакладна ведаю, што ў 2020-м ты нікуды не хадзіў. Нават калі Шабаны віравалі ў цябе пад бальконам, у тым жніўні, у тым верасьні. Ты заўсёды быў законапаслухмяны. Ты ж не хацеў стаць «государственным преступником».

Але, можа, ты ўсё ж завёў пазьней сабе і фэйсбук, і тэлеграм, цёмная ты галава. І зараз ты чытаеш тое, што я пішу табе, пішу, абіраючы самыя простыя словы, самыя прымітыўныя выразы. Як дзіцю — або як цяжка хвораму.

Паглядзі на гэтыя фота, кожны дзень глядзі на гэтыя фота. Яны з Чарнігава, дзе ты некалі бываў. Глядзі на фота з Харкава, з Бучы, з Марыюпаля, з многіх і многіх гарадоў. Глядзі відэа. Ты ж так любіў глядзець розныя «відосы». Кожны дзень глядзі і ўспамінай мае словы.

Глядзі на дамы, настолькі падобныя на безаблічныя бэтонныя каробкі нашых Шабаноў, што й не адрозьніць было. А цяпер вось лёгка можна адрозьніць, цяпер ты ня маеш права не адрозьніць.

Глядзі на людзей, што выглядаюць рыхтык як нашы з табой колішнія суседзі. Як яны бягуць. І як падаюць.

На дзяцей глядзі. Хочаш, раскажу, колькі іх забіта?

Глядзі і ўяўляй, што гэта твой дом, што гэта твая вуліца, што гэта твая маці бяжыць па ёй, што гэта школа, дзе вучыўся твой пляменьнік.

Глядзі. Мусіш глядзець. Пачні з гэтых трох фота. Мусіш глядзець, Лёха. І ўспамінаць, што я табе тады казаў пра тваю «геройскую лентачку».

Я ўжо наўрад ці вярнуся, Лёха.

Часам я цябе ўспамінаю, бачыш. Столькі гадоў сябравалі. Але інакш быць не магло. Ты ж не «предатель», праўда. 

Як пабачыш выпадкова маіх, зрабі, калі ласка, выгляд, што іх ня ведаеш. Беражы сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(22)