Общество

«Бацькаўшчына» склікае VI З’езд беларусаў свету на канец ліпеня

Паводле рашэння Малой Рады Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», VI З’езд беларусаў свету мае адбыцца 23–24 ліпеня ў Мінску. Мяркуецца, што ён збярэ больш за 300 дэлегатаў з 20-ці краін свету.

Тэма сустрэчы — «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці».

Прадугледжана праца трох секцый:

1. Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

2. «Новая» і «старая» іміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця.

3. Культурная спадчына беларускага замежжа.

Сустаршынямі арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы з’езда абраныя:

Радзім Гарэцкі (Беларусь), Алена Макоўская (Беларусь), Хведар Нюнька (Літва), Алег Рудакоў (Расія),Ніна Шыдлоўская (Беларусь).

Рабочую групу па падрыхтоўцы з’езду ўзначаліла Ніна Шыдлоўская.

З’езды беларусаў свету – значная падзея для беларусаў метраполіі і замежжа, яны закліканыя спрыяць яднанню нацыі, умацаванню сувязяў паміж беларусамі з розных краінаў, а таксама дапамагаць у вырашэнні агульных праблемаў.

МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ладзіць з’езды беларусаў свету раз на чатыры гады пачынаючы з 1993 года. Тады, на Першым з’ездзе, сабралася больш за тысячу чалавек – дэлегатаў з беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі.

«У першы раз Беларусь з набыццём незалежнасці так знакава на дзяржаўным і грамадскім узроўнях вітала сваю дыяспару. Сёлета – 20 год той значнай падзеі, і гэта выдатная падстава, каб ацаніць здабыткі і страты апошніх гадоў, прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа, асэнсаваць гэты феномен», паведамляе iнфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына».

Інфармацыя пра далейшую падрыхтоўку да Шостага з’езду беларусаў свету будзе змяшчацца на сайце zbsb.org.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)