Анастасія Зелянкова

«Бацька налавіў паўвядра жабак, кажа: будзем гатаваць. Дык такі крык падняўся!»

Яны прыехалі ў Беларусь з Францыі разам з бацькамі, якія купіліся на сталінскую прапаганду, паверыўшы, што тут іх чакае рай. Але трапілі ў пекла, з якога выбрацца было ўжо немагчыма. Кагосьці хутка чакала раставанне з татам, якога забралі ў ГУЛАГ, хтосьці вымушаны быў галадаць, іншыя трапілі на працу ў нечалавечыя ўмовах. Але гэта было лепшае, што з імі магло здарыцца тут, бо, у адрозненне ад іншых, яны выжылі і змаглі расказаць сваю гісторыю.

Кніга «Дзеці Францыі», якая выйшла ў Мінску, змяшчае ў сябе 14 гісторый французскіх сем’яў, якія паверылі Сталіну. Навошта французам спатрэбіўся СССР, як сустрэлі іх у Беларусі і дзеля чаго Саветы зламалі лёсы людзей, расказаў у інтэрв’ю «Салідарнасці» аўтар кнігі Валер Каліноўскі.

— Мы кажам «дзеці Францыі», але ж насамрэч гэта ўжо досыць сталыя людзі, у якіх даўно ёсць свае дзеці і ўнукі.

— Так, гэта беларускія грамадзяне, народжаныя ў Францыі перад другой сусветнай вайной, падчас яе ці хутка пасля. У 20-30-х гадах іх бацькі з Заходняй Беларусі, якая тады была часткаю Польшчы, паехалі ў Францыю на заробкі, пераважна ў вугальныя шахты альбо у якасці сельскагасработнікаў. Гэта было каля 30 тысяч чалавек. Агулам жа польская эміграцыя складала 600-700 тысяч.

А пасля вайны ў Францыю пачалі наведвацца савецкія прапагандысты, агітуючы вярнуцца на радзіму. Яны расказвалі, што ў СССР ваша жыццё будзе больш заможным, там можна працаваць на сябе, а не на гаспадара-капіталіста, казалі, што вашы дзеці змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю. І шэсць тысяч чалавек паддалася на ўгаворы, забралі сем’і, дзяцей, якія нарадзіліся ўжо ў Францыі, і з’ехалі ў Савецкі Саюз.

У архіве аднаго з маіх герояў Алеся Салагуба з Маладзечна ёсць здымак, які я змясціў на вокладцы кнігі. Фота зроблена ў горадзе Алес на поўдні Францыі падчас аднаго з такіх праездаў агітатараў. У гэты дзень там якраз заснавалі суполку Саюз савецкіх патрыётаў, сабралі маёўку са сцягамі і партрэтамі. Алесю Салагубу і ягонай сястры Зіне даручылі трымаць партрэт Сталіна. Можна пабачыць, якія на гэтым фотаздымку ўсе задаволеныя, шчаслівыя, добра апранутыя, дагледжаныя.

Канешне, яны не разумелі, што рэальна ўяўляе сабой Савецкі Саюз. Пасля гэтай маёўкі неўзабаве частка людзей, у тым ліку і сям’я Алеся Салагуба, паехала ў СССР.

— Цяжка нават уявіць іх уражанне ад убачанага. 

— Так, людзі трапілі з упарадкаванай еўрапейскай краіны ў Савецкі Саюз, дзе яны нічога не разумелі. А дарогі назад ужо не было: пашпарты забралі адразу ж. Многія перажылі рэпрэсіі, ГУЛАГ, голад і знявагу. Асабліва цяжка было дзецям, якія не ведалі ні мовы, ні звычаяў.

Гісторыі, якія я сабраў у кнізе, гэта лепшае, што магло здарыцца з гэтым пакаленнем. Бо былі тыя, хто памёр адразу, загінуў у ГУЛАГу, быў застрэлены пры перасячэнні мяжы, памёр ад алкаголю, нуды або проста засіліўся. Таму тыя, хто дажыў да гэтага часу, у пэўным сэнсе шчасліўчыкі.

— Няўжо людзям так лёгка ўкладаліся ў галаву гэтыя камуністычныя ідэі, што яны гатовыя былі кінуць усё і з’ехаць невядома куды?

— Лёгка. Па-першае, у той час левыя камуністычныя ідэі былі папулярныя, асабліва сярод рабочых. Камуністычная партыя ў Францыі была вельмі моцная, і пасля вайны на выбарах нават заняла першае месца. Над Францыяй рэальна навіс прывід камунізму.

Да таго ж СССР выдаткоўваў на гэтую прапаганду вялізныя грошы. А рабочыя былі простыя, неадукаваныя людзі, якіх лёгка было падмануць. Некаторыя трыма крыжыкамі распісваліся. Ды што рабочыя, калі паддаліся нават дзеці былога міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі, былога кіраўніка дзінікінскага ўраду ці дзеці бізнесмена-капіталіста Мяшчэрскага, які паловай Пецярбургу валодаў, а пасля эміграваў у Францыю! Была настальгія, была радасць, што выйгралі вайну, спадзяванне, што нешта зменіцца.

Мяне вельмі кранула гісторыя сям’і Ждановічаў з Барысава. Іх бацька, камуніст, які бачыў Леніна, так хацеў патрапіць у Савецкі Саюз, што нават пагражаў пасячы ўсіх сякерай, калі не захочуць ехаць з ім. 10 дзяцей і жонка вымушаныя былі скарыцца.

Сям’я Ждановічаў (без двух дзяцей), Барысаў, 1957 год

— І што іх чакала тут?

— Ім абяцалі, што прывязуць у Ленінград, а прывезлі ў Барысаў, і запхнулі ўсіх на запалкавую фабрыку. Брудная, пыльная, цяжкая праца на нагах. Толькі адзін з адзінаццаці дзяцей (апошні ўжо нарадзіўся ў СССР) змог з чацвёртай спробы паступіць у ВНУ. І іх лёс не вернеш. У Францыі яны маглі быць лекарамі, музыкамі, фермерамі — там іншыя магчымасці, а яны змарнавалі сваё жыццё на гэтай запалкавай фабрыцы, многія мелі праблемы са здароўем і заўчасна памерлі.

Ці гісторыя Ліліян Моніт, бацька якой трапіў у ГУЛАГ з-за таго, што хацеў пасля пераезду ўцячы назад. У Францыі Міхаіл Моніт быў даволі багатым, меў дом, сваю майстэрню, лічыўся добрым краўцом. Але ж прадаў усё і прыехаў у СССР. А назад ужо не пускалі. І ён згаварыўся з сябрам, таксама з французам, уцячы праз мяжу. Яго злавілі, білі, катавалі, прысудзілі 10 гадоў Варкуты як французскаму шпіёну.

Так Міхаіл Моніт выглядаў падчас свайго жыцця ў Францыі. Ліліян Моніт — на каленях у маці. 1947 год

Міхаіл Моніт у Гулагу ва ўласнаручна пашытай футранай шапцы. Пачатак 1950-х гадоў

Ягоная дачка Ліліян расла 6,5 гадоў без бацькі (яго адпусцілі пасля смерці Сталіна). Галадалі, бо маці на працу не бралі. Калі бацька прыйшоў з ГУЛАГу Ліліян тры дні хавалася, бо баялася, паколькі вырасла без яго. Так, ён вярнуўся, але ж здароўе зламалі, лёс сям’і зламалі — дзеля чаго? Я сам плачу, калі перачытваю гэтыя расповеды.

Фота сям’і Монітаў без зняволенага бацькі. Такі здымак Міхаілу Мініту паслалі ў ГУЛАГ. 1952 год.

— Няўжо ніхто так і не змог уладкавацца ў Саюзе?

— Ёсць сярод маіх герояў адзін такі. Гэта 90-гадовы выкладчык Сцяпан Батура, перакладчык твораў Караткевіча і Лукашэнкі. Ён, мабыць, адзін не крыўдуе на рашэнне бацькоў пераехаць з Францыі. Гісторыя гэтай сям’і хутчэй выключэнне. Па пераездзе ў СССР ім далі кватэру ў Брэсце, бацька меў добрую працу, дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. 

Сам Сцяпан Батура стаў кандыдатам навук, выкладаў ва ўніверсітэце замежных моў у Мінску, выпусціў з дзясятак кніг, добра ажаніўся, меў кватэру. Толькі што быў невыязны. Магчыма, у кар’ерным руху ён быў некалькі абмежаваны, бо лічыўся недобранадзейным, не быў ні ў партыі, ні ў камсамоле, але ў параўнанні з астатнімі яго лёс можна лічыць нават выдатным.

— А як увогуле ставілася мясцовае насельніцтва да такіх перасяленцаў?

— З большага падтрымлівалі, шкадавалі. Зразумела, называлі «французамі». Нехта, канешне, пасмейваўся. Праўда, існавала праблема з вучобай, бо цяжка было паступіць. Французская адукацыя не прызнавалася. Да таго ж у іх забралі пашпарты, а беларускія не давалі да 1974 года. Але ж калі ў межах капаць бульбу, то там усё было нармальна.

Да таго ж людзі стараліся прыехаць да сваякоў. Адна жанчына распавядала, як яе бацька Нікаля Лісоўскі, як толькі яны сталі жыць у стрыечнага брата, пайшоў і налавіў паўвядра жабак — прынёс, каб пачаставаць сям’ю, дзе яны ўладкаваліся. Кажа: будзем гатаваць. Дык там такі крык падняўся. А ён усё ніяк не мог зразумець, чаму? Гэта ж нармальная французская ежа.

Нікаля Лісоўскі са сваёй французскай нявестай Жармэль, з якой ён назаўсёды разлучыўся, пераехаўшы ў СССР. Францыя. 1946 год

— А ці дазвалялі пісаць лісты ў Францыю? Бо, відаць, цэнзура сачыла, каб не даходзіла крамола?

— Так. У многіх не атрымлівалася ліставацца, КДБ моцна не раіла. Але больш настойлівыя усё ж пісалі. Канешне, усё перачытвалася, таму часам прыходзілася карыстацца эзопавай мовай. Вось пішуць сваякам: «Мы прыехалі, усё вельмі добра. Як толькі аддасі Машу замуж, то таксама прыязджай». А Машы той толькі два гады. Гэта такі намёк быў, што не трэба сюды савацца.

— Памятаю, як ў фільме «Жанін», прысвечаным адной з вашых гераін, яе — старэнькую, скручаную хваробай жанчыну, якая 72 гады жыла ў глухой беларускай вёсцы, — прывезлі ў Францыю, дзе прайшло яе дзяцінства. І там адбываецца метамарфоза. Раптам у магазіне з парфумай гэтая вясковая бабулька ператвараецца ў сапраўдную францужанку, пераборлівую, з гонарам. Сёння, сустракаючыся з вашымі героямі, вы бачыце на іх адбітак гэтай «французскасці»?

—  Канешне, адчуваецца. Мае гераіні такія абаяльныя, яны нават гавораць з французскім пранонсам, бо многія з іх захавалі мову. Адна жанчына расказвала, што з’ездзіла ў 90-х гадах у Францыю, і ў яе было адчуванне, што нібыта і не пакідала яе.

Яны шмат што памятаюць, хаця многія пераехалі зусім малымі. Той же Генадзь Качан з Менска пераехаў у трохгадовым узросце, але ж дагэтуль ўзгадвае, як у заапарку ў Марсэлі карміў булкай слана. Гэта вельмі яркія ўспаміны, бо засталіся дакументы, расповеды бацькоў. У гэтых людзей Францыя заставалася марай усё жыццё.  

— Мне дагэтуль незразумела, навошта Сталіну спатрэбіліся гэтыя няшчасныя французы?

— Кожны раз, запісваючы гісторыі сем’яў, гэтыя людзі пыталіся ў мяне: чаму так здарылася? Чаму Сталін так зрабіў? У маёй кнізе вялікая гістарычная частка, дзе я даследаваў гэтую з’яву. Бо спачатку, Сталін, Рузвельт і Чэрчыль падпісалі дамову пра абавязковую рэпатрыяцыю. Пасля далучылася і Францыя. І пайшоў гэты абмен людзьмі, які закрануў 5 мільёнаў чалавек. Менавіта столькі Савецкі Саюз вывез з Заходняй Еўропы. Рэпатрыянтаў, стройбатараў, палонных…

І з гэтых 5 мільёнаў толькі 6 тысяч было з Францыі. На фоне астатніх — такая дробязь. Але яны паквапіліся і на іх. Пры тым, што гэтыя людзі не мелі дачынення да Савецкага Саюзу, не былі грамадзянамі, але ж савецкія ўлады не пашкадавалі ні грошай, ні сіл, каб угаварыць, пераканаць. Чаму гэта было патрэбна Сталіну, навошта яму спатрэбіліся гэтыя французы? Я доўга шукаў адказу на гэтыя пытанні, і даў іх у сваёй кнізе.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:34)