«Азнаёмцеся, Аляксандар Рыгоравіч!» Лукашэнку запрасілі на Валаам, каб паказаць будучыню Беларусі

Расейскі філёзаф Максім Гаруноў разважае на Радыё Свабода пра цяперашні візыт Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на Валаам.

Фото kremlin.ru

Чаму Пуцін запрасіў Лукашэнку на Валаам? Так, гэта манастыр, але ён месьціцца ў Карэльскай рэспубліцы. Калісьці Карэлія мела статус саюзнай рэспублікі, роўны статусу Беларускай ССР. У 1956 гэты статус быў скасаваны. Цяпер Карэлія гэта прыклад поўнай інтэграцыі ў «рускі сьвет». На карэльскай мове там практычна ніхто не гаворыць. Паводле апошняга перапісу толькі 11% жыхароў Карэліі адказалі, што неяк асацыююць сябе з карэламі. На карэльскай мове гаворыць яшчэ менш людзей — некалькі дзясяткаў тысячаў.

Уладзімір Пуцін на апошняй прэсавай канфэрэнцыі сам выбраў пытаньне — Куды падзелася чудзь? Гэта было такое вугра-фінскае племя. Пуцін адказаў — яна растварылася.

Пуцін запрашае Лукашэнку, кіраўніка незалежнай дзяржавы, якую зьбіраюцца інтэграваць, наведаць самую інтэграваную, самую ўцягнутую ў «рускі сьвет», нацыянальную рэспубліку РФ.

Карэлія — адзіная аўтаномная рэспубліка Расейскай Фэдэрацыі, у якой дзяржаўнай мовай зьяўляецца толькі расейская, а карэльская — мовай, якая мае дзяржаўную падтрымку. Вы прыяжджаеце ў Татарстан, і там татарская дзяржаўная. А ў Карэліі карэльская — не.

Лукашэнка яшчэ не да канца інтэграваны. Яго запрашаюць, маўляў, паглядзі — прыкладна так і з Беларусьсю будзе.

Калі Беларусь трапіць у склад РФ, то будучыня яе там — карэльская.

Калі мы прыгадаем пазыцыю Аляксандра Рыгоравіча наконт беларускай мовы і параўнаем з пазыцыяй кіраўніцтва Карэліі адносна карэльскай і астатніх мясцовых моваў, то ўбачым, што яны вельмі падобныя.

Цікава, што Беларусь, калі ўвойдзе ў склад РФ, то апынецца ў становішчы, падобным на становішча Карэліі, яшчэ паводле аднаго чыньніку.

У Карэліі мяжа з Фінляндыяй, фіны і карэлы — роднасныя народы, у іх блізкія мовы. Ёсьць тэорыя, што фін адрозьніваецца ад карэла толькі веравызнаньнем, карэл — гэта праваслаўны фін, а фін — гэта лютэранскі карэл.

Беларусы ў РФ апынуцца ў падобным становішчы зь мяжой з Польшчай. Польшча для беларусаў будзе тым жа, чым Фінляндыя — для карэлаў.

Калі цікава, якой будзе будучыня Беларусі ў складзе Расеі — паглядзіце на Карэлію. Менск стане як Петразаводск. Азнаёмцеся, Аляксандар Рыгоравіч.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:64)