Политика
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

Аўтуховічу ў ізалятар перадалі мэдаль за Аўганістан

Ці справу Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі будзе разглядаць Вярхоўны суд у адкрытым паседжаньні? Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку каралі карцэрам тройчы і дагэтуль не прывезьлі ў Менск. Актывіст Арцём Дубскі пакутуе ад холаду ў калёніі.

22 студзеня адвакат Павал Сапелка наведаў Мікалая Аўтуховіча ў менскім сьледчым ізалятары і перадаў яму памятны мэдаль да 20-годзьдзя пачатку вайны ў Аўганістане, якім беларуса ўшанавала расейская грамадзкая арганізацыя воінаў-аўганцаў. Пасьведчаньне да мэдаля падпісаў славуты камандуючы 40-й арміяй, губэрнатар Маскоўскай вобласьці генэрал Громаў. Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч — вэтэран баёў у Аўганістане, мае некалькі баявых узнагарод.

Што да справы Аўтуховіча-Асіпенкі, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да тэракту, паводле генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча, справу будуць разглядаць у адкрытым паседжаньні. Праваабаронца Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў заявы Васілевіча адносна справы:

— Ён выявіў некампэтэнтнасьць, калі гэта заявіў. Бо тое, якім будзе працэс, адкрытым ці закрытым, можа вырашаць толькі суд і менавіта той судзьдзя, які пачынае працэс. Але, магчыма, Васілевіч сказаў гэта проста каб супакоіць грамадзтва. Зьдзіўляюць таксама заявы Рыгора Васілевіча пра тое, што нібыта Аўтуховіч і Асіпенка ні на што ня скардзіліся і ня скардзяцца. Між тым яны неаднаразова пісалі скаргі, і ў прыватнасьці нядаўна падалі скаргі аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу ў сувязі з адсутнасьцю ў іх дзеяньнях складу злачынства. Іх адвакаты такімі заявамі таксама абураныя».

Паводле адваката Паўла Сапелкі Мікалай Аўтуховіч па-ранейшаму скардзіцца на тое, што яму не аказваюць неабходную мэдычную дапамогу ў лячэньні зубоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)