Общество

«Атрымаю на рукі 299 рублёў». Як жыве і чым зарабляе рознарабочы на радзіме Машэрава

У Сяргея сэзонная праца. Летам — пастух, зімою — качагар. Уначы ён вахцёр, удзень — пячнік. Калі ёсьць магчымасьць, Сяргей звальняецца з працы, і едзе на падзаробкі ў Расею. Там ён муляр. Колькі працуе і што з гэтага мае, мужчына распавёў Радыё Свабода.

«Мы сталі вахцёрамі другога разраду, і заробак упаў на 100 рублёў»

Сяргею 45. Ён жыве ў вёсцы Масоры Сеньненскага раёну на Віцебшчыне. Да Менску — 250 кілямэтраў, да расейскай мяжы — 90. Гэта адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Беларусі.

Масоры — найбліжэйшая вёска да знакамітых Машканоў, дзе калісьці вучыўся лідэр Савецкай Беларусі Пётра Машэраў і куды Сяргей прыехаў 11 гадоў таму ў пошуках працы.

Саўгас імя Машэрава ў Машканах

Цяпер мужчына працуе вахцёрам у саўгасе імя Машэрава. Ноч праз ноч ён пільнуе зерне на сховішчы, што стаіць на ўскрайку Масораў. З кастрычніка і да вясны падпрацоўвае качагарам на мясцовым даўгабудзе — новы жывёлагадоўчы комплекс будуюць у вёсцы ўжо шэсьць гадоў.

У верасьні Сяргей адпрацаваў 16 дзён. За 218 гадзін яму налічылі 473 рублі.

— З усімі вылічэньнямі я атрымаю на рукі 299 рублёў, — Сяргей паказвае разьліковы лісток. — Раней за належныя 168 гадзін мы атрымлівалі 450 рублёў. Дырэктару сказалі, што гэта зашмат. Нам зьнялі разрад. Мы сталі вахцёрамі другога разраду, і заробак упаў на 100 рублёў. Цяпер атрымліваем ня болей за 370 рублёў.

Разьліковы лісток за верасень

«Камунальныя паслугі трэба аплочваць да 25-га, і нікога не хвалюе, што ў цябе грошай няма»

Дом Сяргея стаіць на ўскраіне Масораў. Ён жыве разам з жонкай Натальляй. Пасьля цяжкай хваробы жанчына заўчасна выйшла на пэнсію. З паслуг ЖКГ у сялянскай хаце аплочваюць электрычнасьць, вываз сьмецьця і ваду.

— Сьвятла ў сярэднім нагарае 150-160 кіляват — да 30 рублёў, — тлумачыць Натальля. — Усе лямпачкі ў нас энэргазьберагальныя. Нават у хляве. Раней сьмецьце фактычна ўсё спальвалі. Цяпер стала больш выносіць, каб было за што плаціць.

Дом Сяргея на ўскрайку вёскі

Найбольшае абурэньне ў гаспадароў выклікае плата за ваду. У Масорах няма ніводнай студні. Глеба тут гліністая, да вады — не адзін дзясятак мэтраў. Ваду бяруць з агульнай калёнкі, падведзенай да вежы на суседняй фэрме.

— Па-першае, вада брудная, — Натальля прыносіць з кухні кубак вады жоўтага колеру. — Кожны дзень вядро мыеш ад іржы. Калі Сяргей працаваў на жывёлагадоўчым комплексе, адтуль ваду вазіў для гатаваньня. Там вада чыстая, бо станцыя абезжалезваньня стаіць.

Ваду бяруць з агульнай калёнкі, яна брудная

Штомесяц гаспадарам налічваюць па тры кубы — гэта каля пяці рублёў.

— Мы ўдвох столькі не выкарыстоўваем, — кажа Натальля. — Раз на тыдзень вытапілі лазьню, памыліся, папралі. На дзень нам вядра вады хапае. На гаспадарку бяром дажджавую, з бочкі.

Узімку калёнка замярзае — прапускае кляпан.

— З чайнікам бегаем, каб яе адагрэць, — горка ўсьміхаецца Сяргей.

Газавы балён каштуе 16 рублёў. Яго хапае на два месяцы. У сэзон закатак — на паўтара.

— Газ прывозяць толькі па панядзелках, — скардзіцца Сяргей. — У нас тройчы газ у гэты дзень канчаўся, даводзілася цэлы тыдзень чакаць.

Жонка Натальля заўчасна выйшла на пэнсію пасьля цяжкай хваробы

Зарплату ў саўгасе штораз затрымліваюць.

— За верасень я атрымаю альбо 31 кастрычніка, альбо ў першых лічбах лістапада. А камунальныя паслугі трэба аплочваць да 25-га. І нікога не хвалюе, што ў цябе грошай няма.

«На год нам патрэбна 10 кубоў дроваў»

Плошча Сяргеевага дому — 62 квадратных мэтра. Адзіны жылы пакой ацяпляецца печчу, якую Сяргей складаў сам.

— На год нам патрэбна каля 10 кубоў дроваў, — падлічвае Сяргей. — Адна машына каштуе 170 рублёў. А нам патрэбна дзьве. Дровы прывозяць у цурках. Я іх сам пакалю і складу.

Хата стаіць на балоце. Колькі не тапі, надта цёпла ня будзе

Колькі не тапі, у хаце не бывае дастаткова цёпла. Стары дом стаіць на балоце, падлога гніе, ад яе ўвесь час ідзе холад. Некалькі гадоў таму ў доме трэснуў падмурак. А грошай на рамонт у Сяргея няма.

— Фактычна дом стаіць на чатырох камянях. Трэба яго паднімаць, заліваць новы фундамэнт. А дзе ўзяць сродкі? Мяшок цэмэнту каштуе 6 рублёў. А мне патрэбна каля 50 — гэта 300 рублёў. 10 тонаў шчэбеню прывезьці — яшчэ 600. Плюс пясок, арматура і работа. Аднаму доўга вазіцца. Мінімум тысяча патрэбная толькі на фундамэнт, — Сяргей падлічвае выдаткі, і кажа, што ў бліжэйшы час рамонтам ня зоймецца.

«Мы нават дамову падпісвалі, што зарплату будзем прадуктамі выбіраць»

На 25 сотках вакол дома — сад, агарод, цяпліца. У гаспадарцы засталіся 30 курэй, 4 гусі і дзьве сабакі.

Сьвіней тут трымаць нельга — Масоры ўваходзяць у пяцікілямэтровую буфэрную зону вакол машканскага сьвінакомплексу. Пасьля адыходу яго да віцебскага хлебакамбінату, працаўнікі саўгаса набываюць сьвініну па поўным кошце. І хаця гародніна свая, большая частка заробку ідзе на мяса, хлеб і малако. Ежа самая простая. Масла — толькі на сьняданак. Для Сяргея — маргарын. Батон на стале бывае не заўсёды.

Часткова зарплату Сяргей атрымлівае прадуктамі. Акрамя падаткаў з верасьнёўскага заробку ўтрымалі больш за сто рублёў на малочныя вырабы і мяса.

— Мы нават дамову падпісвалі, што зарплату будзем прадуктамі выбіраць. Да 30% ад заробку можна. Акрамя цыгарэт і гарэлкі.

У цыгарэтах сабе Сяргей адмовіць ня можа. Пачак «Прэм’еру» каштуе 1 рубель 14 капеек.

— На дзень ідзе пачак цыгарэт мінімум. Сёньня падчас зьмены зуб пачаў балець. Глушыў боль — з вечара да раньня 17 цыгарэт выкурыў. Трэба лячыць, а ў Машканах толькі рвуць. Ды і лячыць няма на што.

Крэдыт на дом адпрацаваў за тры месяцы ў Расеі

Дом і сям’ю на афіцыйны заробак не ўтрымаеш. Калі ёсьць магчымасьць паехаць у Расею, Сяргей звальняецца з працы.

— Я за месца не трымаюся. Мне 20 гадоў да пэнсіі. Я цяпер есьці хачу. У Расеі я магу два месяцы папрацаваць мулярам, атрымаць 100-150 тысяч, а пасьля дома год нічога не рабіць. Так мы дом змаглі сабе купіць. Узялі крэдыт на 15 ранейшых мільёнаў. Я зьезьдзіў у Расею, і за тры месяцы яго адпрацаваў і яшчэ засталося.

Тым не менш, праца з каменем адбіваецца на здароўі. У Сяргея моцна баліць сьпіна. Трэба ехаць у Віцебск рабіць здымак пазваночніка. Сёлетні будаўнічы сэзон у Расеі Сяргей прапусьціў. Зарабляў на радзіме.

— Я пасьвіў кароў у полі. Мяне папрасілі, бо пастухоў не было. Звычайна пасьвілі цыгане. Ім плоцяць па тысячы рублёў кожнаму. І яны працуюць з траўня да канца сэзону. У чэрвені я адпрацаваў 408 гадзін. На рукі атрымаў 550 рублёў. Павылічвалі ўсё, што можна — падаткі, абеды, двое сутак не дадалі. А абяцалі паўтары тысячы заплаціць.

«Печку абклаў, 50 рублёў атрымаў — заплаціў за лекі»

Начны графік у ахове пакідае магчымасьць для падзаробку ўдзень. У ваколіцах Сяргея ведаюць як печніка. Складаць печы яго навучыў бацька. Машканы збольшага газыфікаваныя, Старыя Машканы і навакольныя вёскі — на дровах. Там паслугі печніка яшчэ запатрабаваныя.

— Зараз сэзон ідзе, замоў трошкі ёсьць. Але ці шмат гэтым заробіш? — працягвае Сяргей. — Цагліну я кладу за рубель. Калі іх больш за 600, адпаведна мушу ўзяць 650 рублёў за печ. Але для нашых зарплат гэта дорага. Максымум 500 бяру. Калі гаспадар дапамагае, яшчэ сто скідваю. У лазьні печку абклаў, 50 рублёў атрымаў — заплаціў за лекі. Вось такі дадатковы заробак.

 «Тут дом, сваякі ў Задарожжы, рыбалка»

У Масорах усё блізка. На працу — дзьве хвіліны пешшу. У машканскую краму і фэльдшарска-акушэрскі пункт — 10 хвілін на ровары. У вёсцы гэта асноўны транспарт. Ровару Сяргея 16 гадоў. Роднага ў ім — пярэдняе кола і рама.

— Астатнія дэталі не адзін раз мяняў, — суразмоўца памятае ўсе выдаткі. — Задняя зорачка каштуе тры рублі, ланцуг — 12, задняе кола з утулкамі — 65. Два катафоты і люстэрка — 6 рублёў. Раз на тры гады ляцяць шчыткі ад солі. Дарогі чысьцяць кепска, дарожак для раварыстаў няма. Даішнікі прыпыняюць. Едзеш без люстэрка, без званка, без катафотаў — штраф даюць. Камізэльку не апрануў — зноў базавую выпісваюць.

Жыць цяжка, але зьяжджаць Сяргей не зьбіраецца.

— Тут дом, сваякі ў Задарожжы, рыбалка. Гэта мая аддушына. Пасьля зьмены паехаў, дзьве гадзіны пасядзеў, задавальненьне атрымаў — і ўсё, я спакойны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(18)