Общество

Архітэктар беларускага праекта ў Венесуэле: «Там праўда жыцця такая, што можна пайсці ў краму па малачко – і не вярнуцца»

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімір Папруга, які займаецца праектам па пабудове ў Венесуэле 5 тысяч кватэр, апавёў «Звяздзе», як ён выжывае ў краіне, якая з лёгкай рукі Лукашэнкі стала нашым саюзнікам.

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімір Папруга заняты ў рэалізацыі міждзяржаўнага пагаднення між Урадам і Міністэрствам архітэктуры Беларусі і венесуэльскім Міністэрствам жылля і навакольнага асяроддзя. У нашай краіны ёсць кантракт на будаўніцтва 5000 кватэраў у горадзе Маракай.

Уладзімір Папруга – начальнік майстэрні па праектаванні і галоўны архітэктар гэтага венесуэльскага праекта. У інтэрв’ю «Звяздзе» ён, у прыватнасці, распавёў пра незвычайнае жыццё беларуса ў Венесуэле.

— Большасць беларусаў ніколі не былі ў Венесуэле, не кожны дакладна нават скажа, дзе яна знаходзіцца. Што гэта за краіна, якая раптоўна сталася нам настолькі блізкай, што мы нават рэалізоўваем там такі буйны будаўнічы праект? Вы там ужо два гады, дык распавядзіце.

— Гэта тлумачыцца лёгка: у нас з Венесуэлай няма ніякіх культуралагічных і гістарычных праблемаў. У гэтым сэнсе сябраваць на адлегласці, праз межы значна прасцей, чым быць суседзямі. Венесуэла — вельмі пазітыўная краіна з цудоўным кліматам.

Самая галоўная праблема там — каланіяльны досвед. Венесуэла мае вельмі цяжкі досвед, але яна дынамічная. Сённяшняе насельніцтва Венесуэлы — гэта якраз тыя акупанты, якія прыйшлі сюды 500 гадоў таму. Але, як ні дзіўна, гэтыя людзі, разбурыўшы гэтую культуру, не стварылі, лічу, за 500 гадоў нічога свайго: няма ні тэатра, ні літаратуры, ні архітэктуры, ні кіно...

У нас кожны лужок і кожны барок маюць свае назвы і імёны. А ў іх — "дарога", "лес", "рака".

— Ці праўда, што там даволі небяспечная крымінагенная сітуацыя?

— На 30-40 % тэрыторыі Каракаса ніколі ў жыцці не ўваходзіла паліцыя. Людзі жывуць у трушчобах ледзь не племянным ладам на гэтых гарах, там сваё самакіраванне, свае разборкі...

— Быў выпадак, калі там забілі беларускага перакладчыка...

— Сярод белага дня! Чалавек ехаў на працу, стаяў на прыпынку, кругом было шмат людзей. Яму прыставілі пісталет да галавы, ён не захацеў аддаць ноўтбук — яго застрэлілі і ўцяклі. І іх, здаецца, ніхто нават не шукае.

— Вам там не страшна жыць?

— Я стараюся нікуды не выходзіць апроч дома і працы. Але там праўда жыцця такая, што можна пайсці ў краму па малачко — і не вярнуцца. Усе гэтыя хлопцы катаюцца нават не з нажамі, з пісталетамі!..

Я жыву ў 15-павярховым доме, на 10-м паверсе. Абсалютна на ўсіх вокнах дома стаяць краты. Дом абнесены трохметровым бетонным плотам, над ім — скруткі калючага дроту, да якога падведзены ток. Каб увайсці на тэрыторыю — электронная таблетка. Каб увайсці ў пад'езд — электронная таблетка, на ўваходзе ў ліфт — таксама, на паверх — тое самае. Кругласуткава дзяжурыць узброеная аўтаматамі ахова. Уся Венесуэла так жыве.

Калі ў Беларусі можна прызначыць дзяўчыне спатканне, прагуляцца пад Месяцам па вуліцах горада, паслухаць птушак, то ў Венесуэле такое выключана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)