Общество
Руслан Гарбачоў

Артур Клінаў «партызаніць» на «Беларусьфільме»

Галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» і аўтар фотаальбома «Горад Сонца» Артур Клінаў будзе цяпер займацца мастацтвам на «Беларусьфільме». Адна з самых яскравых фігур беларускай незалежнай культуры падпісала кантракт з дзяржкінастудыяй у якасці мастака-пастаноўшчыка фільма «Масакра» – першага бульба-хоррара.

Артур Клінаў

Тэлефонны званок «Салідарнасці» застаў аўтара многіх авангардысцкіх праектаў Артура Клінава ў Шчучынскім раёне, дзе ён разам з кінагрупай рэжысёра Андрэя Кудзіненкі працуе над здачай да здымак асноўнага аб’екта – палаца ў Жалудку. Здымкі фільма«Масакра» – першага бульба-хоррара – пачнуцца там ужо праз тры тыдні.

– Гэта мой дэбют, я ўпершынэ прымаю ўдзел у здымках вялікага паўнаметражнага фільма! – паведаміў «Салідарнасці» Артур Клінаў. – Праца мне вельмі цікавая. Асабіста я ўспрымаю яе, па-першае, як мастацкі праект, а, па-другое, як стажыроўку, увядзенне ў свет кіно.

Як расказаў мастак і рэдактар андэграўнднага часопіса «pARTisan», на працу на «Беларусьфільм» яго запрасіў даўні сябар Андрэй Кудзіненка. Сваю каманду, у складзе якой быў і Артур Клінаў, рэжысёр прапанаваў кінастудыі.

– Ці былі пытанні па маёй кандыдатуры? Пытанні заўсёды ёсць. Але так ці інакш маю кандыдатуру зацвердзілі, – коратка паведаміў мастак, які з’яўляецца адной з яскравых фігур беларускага незалежнага мастацтва.

У фільме «Масакра» Артур Клінаў адказвае за эстэтыку і вобразы.

– Андрэй Кудзіненка ахарэктарызаваў «Масакру» як першы бульба-хоррар, але мне хацелася б зрабіць проста прыгожую карціну. Фільм жахаў -- вельмі спецыфічны жанр, але ў нас будзе хутчэй мікст жанраў. У фільме будзе і іронія, і патрыятызм – падзеі будуць разгортвацца на фоне паўстання Кастуся Каліноўскага, – расказаў Артур Клінаў. – Але, зразумела, што гэты фільм будзе не з класічнай поўнай каляровай гаммай, здымкі спецыяльна былі запланаваны на познюю восень.

Па словах Артура Клінава асаблівых праблем ў працы ў яго няма.

– Уплыў чыноўнікаў на карціну не адчуваецца, – расказаў ён. – Праблема толькі ў абмежаваным бюджэце, шмат што мы не можам сабе дазволіць. А фільм жа пра XIX стагоддзе, і ўсе дэкарацыі трэба ставараць фактычна з нуля.

Кантракт з «Беларусьфільмам» у Артура Клінава падпісаны толькі на здымкі «Масакры». Але мастак думае і далей застацца ў кіно.

– Неабавязкова, што я буду працаваць затым менавіта на «Беларусьфільме». Але найперш трэба паказаць свае здольнасці ў гэтай першай карціне, – сказаў рэдактар часопіса «pARTisan».

Нягледзячы на новую працу, сваю дзейнасць на ніве незалежнай культуры Артур Клінаў кідаць не збіраецца.

– Зразумела, зараз у мяне ёсць праблемы з часам, але з іншага боку я заўжды працаваў адначасова над некалькімі праектамі, мне не прывыкаць, – адзначыў мастак. – Наступны нумар часопіса «pARTisan» чакайце пад канец года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)