Общество
Вольга Слуцкая

«Андрэя Гайдукова няма за што судзіць»

Таццяна Севярынец пракаментавала «Салідарнасці» паведамленне старшыні КДБ пра тое, што Андрэю Гайдукову могуць перакваліфікаваць абвінавачванне.

Як паведаміла Радыё Свабода, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Вакульчык зрабіў у парламенце некалькі заяў адносна справы жыхара Наваполацка Андрэя Гайдукова, якга абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.

«Суд праходзіць аб’ектыўна, вынікі яго вы даведаецеся», — сказаў Валер Вакульчык.

Калі журналісты паспрабавалі ўдакладніць, ці сапраўды Андрэй Гайдукоў абвінавачваецца па 356 артыкуле Крымінальнага кодэкса «Аб здрадзе дзяржаве», Валерый Вакульчык адказаў: «Не факт, што ён пойдзе па гэтым артыкуле».

Праваабаронца Таццяна Севярынец у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» выказала спадзеў, што артыкул перакваліфікуюць на менш жорсткі.

— Увогуле Андрэй не зрабіў нічога такога, за што можна было б яго судзіць, — заўважыла суразмоўца.

Са слоў Таццяны Севярынец, у сераду ў судзе ў якасці сведкі па «шпіёнскай справе» выклікалі Іллю Багданава, які раней быў у статусе падазраванага.

На жаль, датэлефанавацца д яго не ўдалося. На званкі сведка не адказвае.

— Упэўненая, што ў паказаннях Багданава нічога шкоднага для Андрэя няма, — дадала Таццяна Севярынец. — Ёсць меркаванне, што на гэтым тыдні прысуд Гайдукову не будзе вынесены. Падставы для гэтага ёсць.

У парламенце старшыню КДБ запыталі таксама пра лёс яшчэ аднаго шпіёна, пра якога ён казаў 30 траўня.

«Я магу пацвердзіць факт затрымання гэтага чалавека, але паколькі гэта справа дзяржаўнай важнасці, далей я не магу нічога пра яе казаць», — цытуе Вакульчыка «Радыё Свабода».

Але пры гэтым Вакульчык напрыканцы зрабіў важную рэмарку: «Неабавязкова, што затрыманы шпіён — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)