Политика
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Андрэй Саннікаў ідзе на прэзідэнцкія выбары

Каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саннікаў у гутарцы з карэспандэнтам «Нашай Нівы» пацвердзіў інфармацыю, што ён збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

Упершыню гэта Саннікаў агучыў 6 сакавіка ў Вільні падчас запісу на тэлеканале «Белсат» перадачы «Форум».

«Гаворка на перадачы зайшла пра суверэнітэт, пра яго абарону. Я сказаў, што павінен быць чалавек, які здольны ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны. Я сказаў, што буду ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Эфір на тэлеканале «Белсат» падаўся мне зручным месцам для абвяшчэння такога рашэння», — кажа А.Саннікаў.

Пра падрабязнасці кампаніі Саннікаў яшчэ не паведамляе, але не выключае, што бліжэйшым часам можа быць скліканая адмысловая прэс-канферэнцыя, дзе будзе заяўлена аб пачатку кампаніі.

«Ёсць людзі, якія мяне падтрымліваюць, але я пакуль не магу называць іхнія імёны, каб у іх не было праблем», — гаворыць палітык.

Раней аб удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі заявіў Алесь Міхалевіч. Выбары павінны адбыцца ў пачатку наступнага года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)