Беседка
Міхась Скобла, Менск

Андрэй Дынько: «У ідэолягаў ёсьць нейкая садысцкая нянавісьць да беларускай культуры»

Беларуская ўлада любіць рабіць незвычайныя падарункі. Саюз беларускіх пісьменьнікаў упершыню паспрабавалі ліквідаваць на ягоную ж 70-ю гадавіну. А газэта “Наша Ніва” прычакала аналягічны падарунак на свой 100-гадовы юбілей. Менгарвыканкам даслаў у рэдакцыю ліст, у якім тыднёвіку адмаўляецца ў праве на юрыдычны адрас, безь якога пэрыядычнае выданьне паводле дзейнага заканадаўства існаваць ня можа. Прычынай адмовы паслужылі дзесяць акрэсьцінскіх сутак рэдактара газэты Андрэя Дынька.

(Міхась Скобла: ) “Андрэй, адседжваючы свае 10 сутак на Акрэсьціна, ці думалі вы, што ўлада не абмяжуецца пакараньнем рэдактара, а паспрабуе закрыць і газэту?”

(Андрэй Дынько: ) “Падзеі вакол “Нашай Нівы” чаканыя й прадказальныя. Улады проста шукалі нагоду й нарэшце знайшлі. Рашэньне па газэце, відавочна, было прынятае на падставе аналізу публікацыяў. І тут важна падкрэсьліць, хто аналізаваў… Я ўсё больш прыглядаюся да людзей, якіх пасадзілі кіраваць ідэалёгіяй у краіне, і жахаюся. Нават у савецкі час такога не было, каб туды сьпіхвалі ўсіх, каго няма куды прыткнуць. І вось яны там сядзяць, адпрацоўваюць свае грошы, шукаюць і знаходзяць — вось тут вораг, вось там вораг, а там ідэалягічны праціўнік…

(Скобла: ) “Яшчэ гадоў тры-пяць таму ўлада старалася свае дзеяньні неяк юрыдычна абгрунтоўваць. Як выглядае ваша сытуацыя з гледзішча пісанага права?”

(Дынько: ) “З гледзішча права ўсё, што адбываецца, гэта проста вар’яцтва. У праве няма такой нормы, як “мэтазгоднасьць”. Менгарвыканкам нам піша ў лісьце: “Лічым нямэтазгодным прадастаўленьне юрыдычнага адрасу…” У права ёсьць закон, і ён парушаецца альбо выконваецца. А тут — “мэтазгодна” альбо “нямэтазгодна”. Дзіўная аргумэнтацыя — нямэтазгодна, таму што рэдактар адбываў адміністрацыйны арышт. А чаму тады БТ вяшчае, калі Рыбакова пасадзілі? Трэба тады й БТ зачыняць.

Але што мы можам у гэтай сытуацыі? Адзінае — дакумэнтаваць і захоўваць дакумэнты. Пройдзе час, вернецца панаваньне права ва ўсе сфэры, і тады мы будзем падаваць у суд. Бо ў нашым выпадку будзе нанесеная канкрэтная шкода прадпрыемству. І тыя людзі, якія яе наносяць, будуць павінны яе кампэнсаваць. Гэта адназначна. Мяне вельмі палохае, што ўлады дазваляюць у пэўных сфэрах беззаконьне. Здавалася б: ты хочаш некага зачыніць? Ну, прымі закон адпаведны й зачыняй у адпаведнасьці з законам. Хочаш ты арыштаваць тых, хто знаходзіцца на плошчы, — прымай закон, дзе пішы: у такі й такі час прыносіць тэрмасы з чаем на Кастрычніцкую плошчу забараняецца. Ну, і арыштоўвай усіх з тэрмасамі. Але калі людзі нясуць чай, а ты іх вінаваціш у дробным хуліганстве… А пасьля прымушаеш сотні амапаўцаў, судзьдзяў казаць заведамую хлусьню, судзіць па заведамай хлусьні, прывучаеш людзей да хлусьні, то гэтая хлусьня да цябе вернецца бумэрангам”.

(Скобла: ) “Жыць па хлусьні становіцца нормаю?”

(Дынько: ) “Гэта вядзецца яшчэ з часу савецкага. Тады існавалі падвойныя стандарты, падвойная мараль: адно гаварылася, другое рабілася. Цяпер гэта вяртаецца. Хлусьня ўядаецца ў людзей, пачынаючы са школы. Гадуецца цэлае пакаленьне маральных вычварэнцаў. Гэта страшна. Гэта можа нас надоўга аддзяліць ад цывілізаванага сьвету”.

(Скобла: ) “Наклад “Нашай Нівы” прыкладна ў дзьвесьце разоў меншы за наклад газэты “Беларусь сегодня”. Гэта значыць, якой бы радыкальнай “Наша Ніва” ні была, яна не пагражае дзяржаўнаму ладу. Дык навошта вас зачыняць?”

(Дынько: ) “А ўлада проста ня можа іначай. Часам мне здаецца, што ў яе ідэолягаў ёсьць нейкая садысцкая нянавісьць да беларускай культуры. Прычым на рэфлекторным узроўні. Праляскоўскі нядаўна заявіў, што ў Беларусі трэба пабудаваць карпаратыўную дзяржаву. Карпаратыўная дзяржава — гэта дзяржава фашысцкага тыпу, дзе ўладу ўтрымлівае вузкае кола людзей, маніпулюючы грамадзкай сьвядомасьцю. Карпаратыўныя дзяржавы існавалі ў Італіі пры Мусаліні, у Партугаліі пры Салязару, у Гішпаніі пры Франка. І Беларусь пачынае нагадваць карпаратыўную дзяржаву. Паглядзіце на Палату прадстаўнікоў — каго яны прадстаўляюць, як яны галасуюць? І ў Італіі падобнае было: частка дэпутатаў ад адзінай агульнанацыянальнай маладзёвай арганізацыі, частка — ад адзінага нацыянальнага прафсаюзу, частка — ад фашысцкага саюзу пісьменьнікаў, частка — ад фашысцкага саюзу мастакоў і г.д.

Складанасьць для беларускай улады ў тым, што Беларусь аточаная краінамі Эўразьвязу. Чым адрозьніваецца наша сытуацыя ад сытуацыі 1970-х гадоў? Тады ўсе маўчалі. А хто не маўчаў, той не маўчаў на кухнях. А цяпер у нас тысячы людзей выходзяць на вуліцы, плякаты малююць, лістоўкі друкуюць на прынтэрах і расклейваюць. Так што, з аднаго боку ёсьць дакляраванае жаданьне пабудаваць карпаратыўную дзяржаву, а з другога — ёсьць мэтаскіраваны супраціў гэтаму, які грунтуецца на міжнароднай падтрымцы”.

(Скобла: ) “Мы гаварылі пра тое, што ўлада дазваляе беззаконьні, змушае да хлусьні. Дэградуе грамадзкая мараль. Ці ўмацоўвае гэтым самым улада свае пазыцыі? Ці здэградаванае грамадзтва — пагроза й для яе самой?”

(Дынько: ) “У нас у наяўнасьці прыкметы цяжкай сацыяльнай хваробы. Многіх людзей нічога не цікавіць, апрача напоўненага страўніка. Зачыняюць апошнія беларускія газэты — а што грамадзтва? Усяго 20—30 тысяч чалавек выходзіць на вуліцы. Васіля Быкава таптала ўлада. І што? Грамадзтва не рэагавала. Дыктатарскія рэжымы зацікаўленыя ў паніжэньні палітычнай актыўнасьці грамадзянаў. Палітычна актыўны грамадзянін больш аўтаномны, незалежны, здольны да супраціву. Дыктатарам таксама вельмі важна, каб татальна кантраляваць творчых людзей. У Савецкім Саюзе і нацысцкай Нямеччыне гэты кантроль быў даведзены да максымальнага ўзроўню. Фігуры кшталту савецкага ідэоляга Суслава ці нямецкага ідэоляга Розэнбэрга вызначалі, пра што пісаць, што маляваць, на якія тэмы кіно здымаць.

Сучасным беларускім ідэолягам пакуль не ўдаецца дамагчыся поўнай паслухмянасьці. Мы неяк надрукавалі ў “Нашай Ніве” артыкул пра вядомага пратэстанцкага прарока Ўілкерсана, які праракаваў, што свабода ў Беларусь прыйдзе за адну ноч. Гэта мэтафара. Мы не павінны думаць, што дастаткова аднойчы выйсьці на вуліцу, і ўсё — настануць перамены. Нашыя ўчынкі — гэта кроплі, якія точаць камень. Як сказаў Бэнэдыкт Андэрсан, “нацыя — гэта штодзённы плебісцыт”. Гэта значыць, неабходна штодзённа “зьвярацца” з пэўнымі каштоўнасьцямі, з пэўнымі прынцыпамі. Толькі пасьлядоўная барацьба за свабоду можа даць чаканы эфэкт”.

(Скобла: ) “Станіслаў Ежы Лец нібы пра Беларусь калісьці напісаў: “У гэтай краіне можна было дыхаць толькі калі бесьперапынна крычаць “Ура!”. Якія яшчэ спосабы вы параілі б нашым людзям для дыханьня на поўныя грудзі?”

(Дынько: ) “Я маю вельмі кароткую параду. Хочаце нармальна жыць — не глядзіце Беларускага тэлебачаньня, ня слухайце афіцыйнага радыё, не чытайце афіцыёзных газэтаў! Паспрабуйце ачысьціць арганізм у парадку экспэрымэнту. І літаральна праз тыдзень вы пабачыце вынікі. У вашай галаве ўсё стане на свае месцы. І будзеце доўга жыць, і хваробы ад вас адчэпяцца. А калі арганізм нармалізуецца й запатрабуе інфармацыі, — чытайце “Нашу Ніву”, набывайце беларускія кнігі, слухайце беларускія дыскі, якіх выходзіць вялікая колькасьць. Цяпер, як ні дзіўна, беларуская культура прадукуе вельмі шмат самага рознага матэрыялу. Гадоў пяцьдзясят таму нічога гэтага беларусы ня мелі. Усталі б з магілаў нашыя папярэднікі Ўласаў з Луцкевічам і паглядзелі б, якія неверагодныя зьмены адбыліся! У іхны час беларускія палітыкі не маглі дамагчыся сустрэчаў з заходнімі дыпляматамі. А сёньня ўжо будзённа ўспрымаецца: паехаў Мілінкевіч і сустрэўся з канцлерам Нямеччыны, з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі. Так што ўсё нармальна. Мы творым беларускую культуру, мы творым беларускую дзяржаву. І будзем стаяць на сваім”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)