Андрэй Арамнаў трапіўся на алкаголі за рулём

Пераможцу Алімпіяды ў Пекіне ў трэці раз затрымалі за рулём нападпітку, а ў яго допінг-пробе пасля чэмпіянату Еўропы знайшлі сляды марыхуаны.

Супрацоўнікі ДАІ зноў злавілі барысаўскага штангіста Андрэя Арамнава за рулём нападпітку. Летась цяжкаатлет быў пазбаўлены права кіраваць аўтамабілем. Але, як піша газета «Прессбол», 2 жніўня ён кіраваў аўтамабілем "Audi-ТТ", "знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення". Ад медычнага агляду спартовец адмовіўся. 9 верасня справа была перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Крыху раней стала вядома, што Арамнаў "запаліўся" і на ўжыванні наркотыкаў. Са спасылкай на сайт "Польская штанга" той жа "Прессбол" паведамляе, што ў допінг-пробе Арамнава, узятай пасля чэмпіяната Еўропы па цяжкай атлетыцы, знайшлі сляды марыхуаны.

Марыхуана забароненая спартовымі органамі толькі ў перыяд спаборніцтваў, таму беларускі штангіст можа пазбегнуць санкцыяў па гэтай справе. Але крымінальны пераслед за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане можа пацягнуць за сабой арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці 2 гады папраўчых работ. У другім выпадку спартовец прапусціць Алімпійскія гульні 2012 года ў Лондане.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)