Аналітык: Прыезд у Мінск «следчых» «ЛНР» – паляванне Масквы на Лукашэнку

Ігар Тышкевіч – пра спробы Расіі вырашыць «беларускае пытанне».

«Белавія» пачне лётаць у Крым. Магчыма. Пра гэта па вяртанні з Сочы заявіў Аляксандр Лукашэнка. Маўляў, у Беларусі там ёсць свой санаторый і трэба да яго неяк дабірацца.

На гэтым фоне прадстаўнікі непрызнанай «ЛНР» нібыта выехалі ў Беларусь, каб дапытаць затрыманага журналіста Рамана Пратасевіча.

Рэакцыя Кіева ў абодвух выпадках была прадказальнай: маўляў, любыя спробы зрабіць «акупацыю» Крыма легітымнай пацягнуць за сабой санкцыі, а за прыезд у Мінск сепаратыстаў з так званай «ЛНР» Украіна зробіць Лукашэнку балюча.

Чым небяспечнае аднаўленне палётаў «Белавія» ў Крым? Ці азначае дазвол на допыт Пратасевіча прадстаўнікамі так званай ЛНР прызнанне Беларуссю гэтага ўтварэння? Якой можа быць рэакцыя Украіны і Захаду на такія дзеянні Мінска?

Адказвае аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Чаму Кіеў так жорстка рэагуе на заявы Лукашэнкі

— Я не столькі глядзеў бы на эмацыйную ацэнку, колькі зірнуў бы на тое, што на яе паўплывала. З аднаго боку, гэта дастаткова глыбокі дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Украінай.

Па-другое, палітычны ціск на ўкраінскую ўладу з боку Еўрасаюза: ёсць падводныя камяні, звязаныя з рэформамі ва Украіне і ўмацаваннем улады Зяленскага.

Нарэшце, унутрыпалітычны скандал. Пасля Новага года некалькі выведчыкаў і былых супрацоўнікаў украінскіх спецслужбаў прызналіся, што аперацыя з затрыманнем у Беларусі «вагнераўцаў» была часткай аперацыі ўкраінскіх спецслужбаў: планавалася выцягнуць праз Беларусь баевікоў прыватных вайсковых кампаній з Расіі, пасадзіць іх у самалёт у Мінску і з розных прычын прызямліць яго ва Украіне, каб затрымаць.

«Белавія» зможа лётаць у Крым?

— Прызнанне Крыма магло быць адным з варыянтаў кампрамісу для Пуціна, каб ён перастаў ціснуць на Лукашэнку па іншых ключавых пытаннях. Але для «Белавія» першы палёт беларускага самалёта ў Крым будзе канцом авіякампаніі. Чаргінец [генеральны дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец. — Еўрарадыё] гэта цудоўна разумее. Таму, найхутчэй, ён будзе ўсяляк саскокваць з гэтай тэмы.

Лукашэнка лічыць сябе пакрыўджаным і здольны на эмацыйныя крокі, якія далей вылезуць Беларусі бокам. Крок па Крыме — адзін з такіх. У Сочы была цяжкая размова пра палітыку і эканоміку, цяпер Лукашэнку важна пацягнуць час.

Калі «Белавія» не паляціць у Крым сама, магчымы варыянт стыкоўкі з расійскімі авіякампаніямі, якія лётаюць у Крым. Напрыклад, «Белавія» ляціць да Растова, а далей да Сімферопаля — ужо расійскі самалёт. Бо непасрэдны палёт з Мінска ў Крым расійскай авіякампаніі стане моцным ударам па беларуска-ўкраінскіх адносінах. Чым далей зойдзе канфлікт паміж Беларуссю і Украінай, тым больш выгадна Расіі.

Палёт «Белавія» ў Крым = частковае прызнанне Крыма расійскім

— Палёт — падпарадкаванне камандам расійскага дыспетчара. То-бок перасоўванне ў паветранай прасторы Расіі па калідоры, дадзеным расійскай уладай. Гэта дэ-факта частковае прызнанне Крыма расійскім.

Для Расіі гэта крытычна важна, бо гэта будзе азначаць істотнае пагаршэнне адносін паміж Беларуссю і Украінай. Гэта можа стаць адным з пунктаў невяртання. Таксама гэта падстава для дадатковага ціску на Лукашэнку з боку Захаду.

Для беларусаў, якія прыязджаюць у Крым без дазволу ўкраінскай улады, існуе небяспека трапіць у адмысловыя спісы і пазбавіцца магчымасці ўехаць ва Украіну.

Адмыслова ніхто не шукае — то-бок, калі чалавек паляціць у Крым, але не будзе апублічваць гэты факт, можна ў спісы неўязных і не трапіць. Але рызыка ёсць заўжды.

Ці зможа (і ці захоча) Мінск адцягваць прызнанне Крыма расійскім

— Што да прызнання Крыма расійскім, пакуль Мінск спрабуе цягнуць час. Мяркуючы па тым, што адбываецца ў атачэнні Лукашэнкі, яны стараюцца зацягнуць час да верасня — кастрычніка, каб потым пачаць гандаль за новую канфігурацыю. Гэта як уласны кірунак, так і спадзяванне на актыўны ўдзел іншых цэнтраў моцы: Турцыі і Кітая. У кейсе з Ryanair Турцыя заблакавала жорсткую рэзалюцыю НАТА [гэтая інфармацыя пазней была абвергнутая. — Еўрарадыё].

Але гэта не азначае, што Эрдаган ці Сі Цзіньпін будуць бараніць Лукашэнку, гэта проста жаданне пагуляць на балансе розных сіл.

Прызнанне Беларуссю Крыма расійскім можа не спадабацца Турцыі, хаця яна не далучылася да санкцый супраць Расіі пасля анексіі Крыма. На некаторых пляцоўках Анкара супрацоўнічае з Масквой, на іншых — канкуруе.

Яны могуць ваяваць адно супраць аднаго ў Сірыі, у Лівіі і дамаўляцца пра сумесную прысутнасць у Нагорным Карабаху. Як рэгіянальны лідар, Турцыя мае ўласныя інтарэсы і вядзе цынічную, але рацыянальную палітыку паводле Чэрчыля: у знешняй палітыцы няма сяброў, ёсць нацыянальныя інтарэсы.

Турцыя вядзе тактычнае супрацоўніцтва, каб прасоўваць стратэгічныя інтарэсы.

Прыезд у Мінск «следчых» «ЛНР» — паляванне Масквы на Лукашэнку

— Мінск часткова разумее пагрозу для сябе ў прыездзе «следчых» «ЛНР», але Расія вядзе загоннае паляванне, дзе зверам выступае не столькі Лукашэнка, колькі будучае пазіцыянаванне Беларусі. Хто ў ёй будзе на чале — для Крамля, у прынцыпе, усё адно.

Калі для допыту Рамана Пратасевіча ў Мінск прыедуць «следчыя» «ЛНР», фармальна гэта не будзе азначаць яе прызнанне Беларуссю. Але гэта частка працы па абкладанні беларускага рэжыму чырвонымі сцяжкамі, каб пазбавіць яго магчымасці палепшыць адносіны з ключавымі партнёрамі.

На ўкраінскім кірунку ў Расіі было некалькі такіх кейсаў. Інтарэс «ЛНР» да затрымання Пратасевіча можа сведчыць пра рэакцыю ФСБ, якое адпачатку вяло аперацыю па пасадцы самалёта.

Ці можа ў Беларусі спрацаваць армянска-малдоўскі сцэнар

— Расіі не патрэбная чарговая федэральная акруга. Яе задаволіць захаванне атрыбутаў незалежнасці Беларусі з поўным кантролем над палітыкай. Прынамсі, на найбліжэйшыя гадоў дзесяць, а там паглядзім.

Адбываецца спроба загнаць Беларусь у сітуацыю, калі Лукашэнка сам усё здае, каб яшчэ крышку пасядзець пры ўладзе.

Альбо армянскі ці малдаўскі сцэнар: перамога вулічнай апазіцыі не паспрыяла дэмакратычным пераменам, бо дамова Расіі з іншымі гульцамі знешняй палітыкі прывяла да таго, што Арменія не толькі засталася ў расійскай сферы ўплыву, але прысутнасць Расіі ў Арменіі толькі ўзмацнілася.

У Малдове кааліцыя з прарасійскіх і праеўрапейскіх сіл прыбірала ад улады алігарха Плахатнюка падчас «пасольскай рэвалюцыі»: малдаване сцвярджаюць, што ўсё вырашалася ў амбасадах Расіі і еўрапейскіх краін. Станам на сёння ў Малдове зноў пазачарговыя выбары.

Для Расіі падыходзяць і крымскі, і армянска-малдоўскі сцэнары. Але яны спадзяюцца канчаткова вырашыць усё цяпер.

Чым Беларусь адрозніваецца ад Крыма

— У Крыме была істотная падтрымка прарасійскіх настрояў, бо Украіна не працавала дастаткова на інфармацыйным полі Крыма. У Беларусі нармальнае стаўленне да Расіі, але не хапае прарасійскіх палітычных сіл.

У Беларусі пераважае імкненне жыць самім. Паводле расійскіх сацыёлагаў, максімальны электарат прарасійскіх сіл у Беларусі — 20% насельніцтва.

Расіі важна стварыць у Беларусі сістэму, у якой ключавой цэнтр прыняцця рашэнняў перамяшчаецца ў парламенцкую кааліцыю. Для гэтага трэба распачаць партыйнае жыццё і стварыць некалькі праектаў, якія пройдуць у парламент.

Яны будуць малалікія, але з улікам расколу на асабовым грунце і палітычных перакананняў беларускага грамадства першы парламент пасля змены ўлады, магчыма, будзе стракаты.

На фоне гэтага ключавая роля будзе ў малодшага партнёра па кааліцыі: арганізаванай сілы, якая далучаецца да аднаго з бакоў у абмен на пэўныя прызначэнні ва ўрадзе.

І ў выніку ўплывае на ўнутраную і знешнюю палітыку ці не дазваляе рабіць рэзкія змены ў геапалітычным арыентаванні. Так адбываецца ў іншых краінах.

Расія бярэ Беларусь у даўгавую пастку

— Паглядзіце на крэдытную падтрымку Расіі: гэта рэфінансаванне даўгоў. Расія дазваляе не плаціць па бягучых даўгах, пераносячы тэрмін выплат на 2024–2026 гады, калі Беларусь мусіць расплачвацца цалкам з адным крэдыторам.

У выпадку з АЭС затрымка з выплатай крэдыту дазваляе Расіі выставіць прэтэнзію на ўсю суму доўгу ў адзін год. Гэта азначае, што, каб не спрацавала даўгавая пастка, улады Беларусі — новыя ці старыя — будуць павінны выплаціць буйныя грошы ў адзін момант.

Сустрэча Байдэна з Пуціным: ці магчымая дамоўленасць па Беларусі

— Сумняюся, што на сустрэчы Байдэна з Пуціным будзе прынятае рашэнне па Беларусі. У адносінах ЗША з Расіяй ёсць больш важная тэма: адносіны з Кітаем. Таксама — Паўночная Афрыка, амерыканцы хацелі б вярнуцца ў Цэнтральную Афрыку. А Расія спрабуе актыўней гуляць ва Украіне і ў Заходняй Еўропе. Вашынгтон пакуль трымае Маскву ў напрузе праз «Паўночны паток — 2». Толькі пасля гэтых тэм ідуць Украіна, Беларусь і астатняе.

Тэма Беларусі відавочна прагучыць. Але пасля першай сустрэчы не бывае канчатковай дамоўленасці. Гэта будзе прыстрэлка.

Для ўсіх удзельнікаў беларускага крызісу сустрэча Байдэна з Пуціным можа стаць палітычнай перамогай.

Ціханоўская скажа, што Байдэн падтрымаў Беларусь, Лукашэнка — што яны нічога не вырашылі, Расія — што абараніла Беларусь ад нападак ЗША.

Якая падзея зможа спыніць авіяцыйную блакаду Беларусі

— Авіяцыйная блакада Беларусі можа працягнуцца да наступнага этапу палітычнага крызісу, калі Лукашэнка прадставіць новую Канстытуцыю ці калі навокал зменіцца геапалітычны баланс сіл. Напрыклад, калі Расія вырашыць згуляць у адны вароты з ЕС. У лепшым выпадку «забарона на неба» працягнецца да верасня, у горшым — да 2022 года.

Эксперт: Пока Киев и Минск только грозят друг другу, ничего серьезного еще не произошло

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:23)