Общество

Сямён Печанко

Аляксей Янукевіч: Еўропа можа дамовіцца з Масквой, беларусы павінны разлічваць толькі на сябе

У рамках спецпраекта «Што далей?» намеснік старшыні Партыі БНФ разважае, ці здольныя беларусы зламаць маскоўскі сцэнар.

Аляксей Янукевіч на першым пасля выбараў шматтысячным шэсці ў Мінску. Фота facebook.com/alaksej.janukevich

— Больш за месяц у Беларусі не сціхаюць пратэсты. Разам з тым, многія пачынаюць задумвацца, ці здольныя шматысячныя мірныя шэсці прывесці да змены ўлады. З Расіі чуюцца галасы пра тое, што падзеі ў нашай краіне дыскрэдытавалі мірны пратэст. Маўляў, выхад з кветкамі ў руках супраць гатовага страляць у натоўп рэжыму, не мае шанцаў. Ці бачыце вы альтэрнатыву мірным пратэстам?

— Я перакананы, што іншай альтэрнатывы няма абсалютна. Больш за тое, любы сілавы сцэнар будзе падарункам Лукашэнку. Ён развяжа ўладзе рукі, дазволіць ужыць супраць пратэстоўцаў зброю, у тым ліку летальную.

Гэта той накірунак, у якім рэпрэсіўны рэжым заўсёды будзе мацнейшы за грамадства. Грамадства ж галоўную моц мае ў паслядоўным выключна мірным пратэсце.

Зразумела, што ўсім хацелася б, каб усё адбывалася хутчэй. Напэўна, таму і з’яўляюцца ў асобных людзей думкі пра нейкі іншы фармат пратэсту, каб паскорыць працэс. Тым больш, калі мы бачым абсалютна бесчалавечнае ўжыванне гвалту супраць жанчын, людзей сталага веку.

Але моц акурат не ў кулях, не ў гвалце, а ў духу народным. Таму я перакананы, што адзіны шанец вярнуць кантроль над сітуацыяй для ўладаў — гэта правакаванне прыхільнікаў перамен да пераходу ў іншы, гвалтоўны фармат пратэстаў. І ў такім разе яшчэ большы гвалт з боку ўлады, на які яна насамрэч здольная, будзе ўжо апраўданы.

— Кіраўніцтва Еўразвязу заявіла, што Лукашэнка больш не лічыцца законным прэзідэнтам. Разам з тым, беларускі аналітык Арсені Сівіцкі мяркуе, што Крэмль «мог атрымаць carte blanche ад Парыжу, Берліну і нават Вашынгтону на прымусовую дэмакратызацыю ў Беларусі».

Ці варта беларусам спадзявацца на падтрымку знешніх гульцоў, найперш Захаду? І наколькі рэальная гульня заходніх і маскоўскіх палітыкаў за спіной у Беларусі?

— На вялікі жаль, такой магчымасці нельга выключаць. На сённяшні момант суб’ектамі перамоў і значных рашэнняў з боку Еўразвязу па Беларусі з’яўляюцца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Беларускае грамадства, якое паказала сябе, сцвердзілася ў апошнія дні, дагэтуль ігнаруецца. Мы бачым, што асобныя краіны ЕЗ гатовыя аказваць падтрымку пацярпелым. Яны кажуць пра неабходнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці.

Але ні ў дачыненні да беларускага грамадства, ні да Каардынацыйнага савету, які прадстаўляе, наколькі гэта магчыма, інтарэсы грамадства, няма ні рашэнняў, ні волі з боку Еўразвязу сур’ёзна працаваць менавіта ў кантэксце будучыні Беларусі. Тут варта казаць пра асобныя пазіцыі Польшчы, Літвы ды іншых некаторых нашых суседзяў.

Але пры гэтым даволі верагоднай выглядае сітуацыя, калі Еўразвяз аддасць перавагу варыянту дамовы з Крамлём. Дзеля таго, каб ён сваімі рэсурсамі арганізваў тут паступовы транзіт улады да больш ліберальнай сатрапіі, да аўтарытарызму з больш чалавечым тварам.

Каб зняць Беларусь з мапы гарачых кропак Еўропы. І зрабіць гэта найменшым коштам і высілкамі, каб не ўваходзіць у супрацьстаянне з Крамлём, які мае вялікія планы на Беларусь.

Беларускаму грамадству нельга мірыцца з такім станам рэчаў. Нам ні ў якім разе нельга разлічваць на вонкавых гульцоў.

— А ці гатовае беларускае грамадства супраціўляцца такім планам? Ці ёсць сілы і шанец зламаць сцэнар, які пішацца не ў Беларусі?

— Мы бачым, што людзі гатовыя браць і лакальныя пытанні, і агульнанацыянальныя ў свае рукі. Перад намі стаяць велізарныя выклікі, але пры гэтым мы маем і вялізны шанец.

Сёння наша грамадства знаходзіцца на такім уздыме, які ўжо перакрэсліў некаторыя планы і намеры, што мусілі здзейсніцца яшчэ да выбараў. І з боку Крамля, і з боку Захаду, які відавочна хацеў аднаго — каб тут проста было ціха. І, натуральна, з боку беларускага рэжыму.

Наступныя выклікі будуць яшчэ большымі, але я веру ў сілу абуджанага народу і ў сілу моманту. Беларусы, я ўпэўнены, здольныя пераадолець гэтыя выклікі.

— Сёння шмат гаворыцца пра тое, што Расія найхутчэй скарыстаецца першым жа зручным момантам для стварэння ў нас прарасійскіх партый і грамадскіх аб’яднанняў. Палітычнае поле краіны за два дзясяткі гадоў выпаленае ўладамі. Ці ёсць яшчэ порах у беларускіх партый, каб не даць канчаткова выштурхнуць сябе па-за межы палітычнага поля, калі такі сцэнар будзе рэалізаваны? 

— Патэнцыял і сіла ёсць. У выпадку змены ўлады і правядзення новых выбараў беларускім партыям, якія тут ужо дваццаць гадоў змагаюцца, у першую чаргу я кажа пра нацыянальна-дэмакратычныя партыі, спатрэбіцца моцнае ўнутранае перафарматаванне.

Я лічу, што спатрэбіцца запрашаць шмат новых твараў — з ліку блогераў, лідараў грамадскай думкі, мясцовых супольнасцяў.

Гэта важная задача, калі яе не рашыць, то многія партыі сапраўды могуць апынуцца за бортам. Не забываем, што Расія, канечне ж, укіне вялізныя інфармацыйныя і фінансавыя рэсурсы ў прарасійскія структуры.

Але я перакананы, што гэтая задача выканальная. Сёння на многіх лакальных узроўнях адбываецца абсалютна здаровая камунікацыя. Напрыклад, сябры БНФ актыўна ўдзельнічаюць у лакальных рухах і супольнасцях як у рэгіёнах, так і ў Мінску. І яны карыстаюцца аўтарытэтам. Няма ранейшага стаўлення такога, калі лічылася, што партыі нямоглыя і недзеяздольныя. У сітуацыі, калі кожны робіць пасільны ўнёсак у супольную працу, я не бачу, каб людзі стараніліся ад БНФ ды іншых партый.

Я перакананы, што гэта будзе вялікая барацьба. Не скажу, што прарасійскія сілы не будуць мець ніякага шанцу. Але тое, што нацыянальна-дэмакратычны рух будзе істотным суб’ектам, будзе мець шансы і будзе змагацца за перамогу на вольных і дэмакратычным выбарах, я не сумняюся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(19)