Политика

Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей наведваюць Францыю

Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей знаходзяцца з візітам у Францыі. Ужо адбылася іх сустрэча з кіраўніком французскага знешнепалітычнага ведамства Бернарам Кушнерам.

Як паведамляе прэс-служба палітыка, сустрэча праходзіла ў афіцыйнай залі прыёмаў французскага Міністэрства у свабоднай, нязмушанай абстаноўцы.

“Спадар Кушнер не толькі палітык, а і вядомы грамадскі дзеяч, стваральнік сусветнай арганізацыі “Урачы без межаў”. Ён мае высокі маральны аўтарытэт у свеце. Нам было вельмі лёгка размаўляць, бо мы добра разумелі адзін аднаго як людзі, якім блізкая праваабарончая тэматыка”, — паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.

Пад час гутаркі Бернар Кушнер цікавіўся, што яго краіна можа зрабіць для больш эфектыўнай рэалізацыі палітыкі ЕЗ у адносінах да Беларусі (як вядома, з ліпеня гэтага году Францыя будзе старшыняваць у Еўразвязе).

“Я распавёў, што вельмі важна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Гэта падтрымка рэпрэсаваных, развіццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі (радыё, інтэрнэт-выданні, тэлебачанне, мясцовых бюлетэняў), падтрымка моладзевых і адукацыйных праектаў”, — падкрэсліў Мілінкевіч.

Экс-кандыдат ў прэзідэнты Беларусі дадаў, што 12 прапановаў Еўразвязу да беларускага народу і ўраду — гэта абсалютна неабходныя і маральныя патрабаванні. Прычым першым павінна быць вырашана пытанне вызвалення палітычных вязняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.

Як паведамляе прэс-служба Мілінкевіча, палітыкі таксама абмеркавалі пытанне распрацоўкі “дарожнай карты” па спрыянні еўрапеізацыі Беларусі, а таксама размаўлялі пра магчымае будаўніцтва АЭС на Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)