Сямён Печанко, "Наша ніва"
Аляксандар Мілінкевіч: «Спачатку адхіленьне, пасьля — выбары»

24 красавіка на паседжаньні палітычнай рады дэмакратычных сілаў была зацьверджаная стратэгія дзеяньняў аб’яднанай апазыцыі на наступныя паўтара году, а таксама заяўлена аб стварэньні палітычнай кампаніі руху «За свабоду». Пра гэта мае абвясьціць 26 красавіка падчас «Чарнобыльскага шляху» Аляксандар Мілінкевіч. Пра сутнасьць, задачы і кірункі дзейнасьці новага руху Аляксандар Мілінкевіч распавёў «Нашай Ніве».

— У чым сутнасьць новага руху, чым ён адрозьніваецца ад астатніх?

— Абсалютная большасьць ранейшых ініцыятываў апынулася пустымі дэклярацыямі, якія нічым ня скончыліся. Гаворка вядзецца не пра прынцыпова новы рух: мы пашыраем нашую перадвыбарчую кааліцыю за кошт новых удзельнікаў — шараговых грамадзянаў, раней у палітыку не заангажаваных.

— Ці будзе новы рух структураванай арганізацыяй з жорсткай унутранай дысцыплінай, ці гэта будзе нейкая мяккая кааліцыя?

— Грамадзянскай супольнасьці, што паўстала ў часе апошняй палітычнай кампаніі, мы прапаноўваем добраахвотны ўдзел. Простых грамадзянаў, як паказвае досьвед перадвыбарчых сустрэчаў, прыцягвае супраца на роўных, калі іх выслухоўваюць, улічваюць прапановы. На сёньня мы маем па ўсёй Беларусі шмат зацікаўленых у супрацы грамадзянаў, якія, аднак, жадаюць працаваць па-за партыйнымі структурамі. Жорсткая ўнутраная дысцыпліна будзе прымяняцца ў дачыненьні да заангажаваных у рух палітычных партыяў.

— Якімі будуць галоўныя накірункі дзейнасьці?

— Накірункі дзейнасьці таксама прынцыпова ня зьменяцца — тая ж кампанія па інфармаваньні насельніцтва. Плюс з 1 траўня мы пачынаем кампанію па зборы подпісаў за адмену кантрактнай сыстэмы.

— Што ляжыць у аснове эканамічнай праграмы?

— Мы ўжо маем распрацаваную праграму па рэфармаваньні эканомікі. Дадаткова будзе распрацавана адмысловая антыкрызісная праграма, прымеркаваная да магчымага эканамічнага пагаршэньня ў зьвязку з павелічэньнем цэнаў на энэрганосьбіты. Урад будзе пастаўлены перад фактам правядзеньня агульнанацыянальных акцыяў мірнага пратэсту ў тым разе, калі не прапануе ўласнага эфэктыўнага антыкрызіснага праекту і праігнаруе наш.

— Асноўнае палітычнае патрабаваньне новага руху — свабодныя і справядлівыя выбары. Правядзеньне масавых вулічных акцыяў прымеркавана на вясну наступнага году. Ці ня позна?

— Больш не спрацоўвае прынцып актыўнай дзейнасьці ад выбараў да выбараў. Бо і выбараў ужо няма, не працуюць выбарчыя тэхналёгіі, адсутнічаюць мэханізмы падліку галасоў. Мы ставім задачай найперш адхіленьне ад улады дыктатара і ўжо затым правядзеньне справядлівых выбараў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)