Политика

Алесін: «Ня толькі Беларусь, але і Польшча ды краіны Балтыі могуць «згарэць» пры ядзерным канфлікце»

Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін у камэнтары Радыё Свабода расказаў пра гарантыі для Беларусі ў выпадку ядзернага канфлікту паміж NATO і Расеяй.

— Беларусь у выпадку вядзеньня ваенных дзеяньняў прыме на сваю тэрыторыю падмацаваньні расейскіх войскаў, бо ёсьць адзіная групоўка сухапутных войскаў. А Беларусь мае большую, чым хто, сухапутную мяжу з NATO — праз нас ні тыя, ні гэтыя не пераскочаць. Тут будзе раён для канцэнтрацыі войскаў для ўдару. Адпаведна NATO прадугледжвае прэвэнтыўны ядзерны ўдар па гэтых сілах. Гэта на выпадак, калі праціўнік мае вялікую перавагу, а ў іх няма часу і сілаў сканцэнтраваць удар у адказ звычайнай зброяй, — падкрэсьліў аналітык.

Паводле Алесіна, у вайсковых статутах Расеі таксама прадугледжана магчымасьць выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі «ў выпадку пагрозы краіне».

— У Расеі шмат носьбітаў такой зброі. Гэта і ракеты «Іскандэр», і ракеты на падводных лодках, і міны, і артылерыйскія снарады. Пры новым абвастрэньні адносін паміж Расеяй і NATO ўся гэтая зброя, якая можа несьці ядзерныя зарады і стаіць на ўзбраеньні, можа быць выкарыстаная. У любым выпадку пры такім канфлікце закладнікамі становяцца ня толькі Беларусь, але і Польшча ды краіны Балтыі. Яны таксама могуць проста «згарэць» у імгненьне пры такім канфлікце, — зазначыў Алесін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(8)