Общество
Сяргей Балай

Алесь Пушкін шукае Святы Грааль у Сынкавічах

Падчас рэстаўрацыі царквы Святога Міхаіла ў Сынкавічах мастак спадзяецца знайсці рэліквію, са з’яўленнем якой пачнецца залаты век Беларусі.

Алесь Пушкін не хавае спадзяванняў, якія іншаму пададуцца калі не хваравітай бязглуздзіцай ў стылі Індыяны Джонса, то ненавуковай фантастыкай дакладна.

– Хочацца прыдбаць трохі сапраўднага чароўнага беларускага рамантызму ў наша жыццё, так, як гэта рабіў той жа Ўладзімір Караткевіч, ствараючы вобраз ідэальнай Беларусі, – дзеліцца мастак. – А то за канкрэтыкай, навукай і прагматызмам і жыць нецікава.

Разам з пошукамі Грааля другі год добраахвотнікі займаюцца ачысткай ад масляной фарбы апсідаў царквы Святога Міхаіла. Год таму была расчышчаная цэнтральная апсіда, сёлета плануецца пазбавіць ад алейнай фарбы паўднёвую і паўночную апсіды. Рэстаўратары спадзяюцца, што пад фарбай могуць знайсціся выявы ці графіці, нават малюнак таго ж Грааля.

– Можа я яе намалюю, і пройдзе час і Пушкін памрэ, а яна пачне міраточыць, – кажа Алесь Пушкін.

Калі царкву ў 1990 годзе вярнулі праваслаўным веруючым, людзі сумленна, сваімі сіламі імкнуліся прывесці храм, у якім да гэтага захоўвалі цыбулю, у парадак.

– Яны старанна, у некалькі слаёў пафарбавалі ўнутраную прастору храма якаснай алейнай фарбай. Не пашкадавалі грошай, бо ў пачатку 90-х адна блішанка каштавала пад тры рублі, – кажа Алесь Пушкін. – Натуральна, памкненні ў тых, хто аздабляў царкву, былі самыя шчырыя. Таму пафарбавалі ў некалькі пластоў, грунтоўна.

Атрымалася, што фарба ўтварыла плёнку, якая не дае шасцісотгадовай цэгле царквы ўздыхнуць з палёгкай. Няма цыркуляцыі паветра ў цаглянай кладцы, і вільгаць пачынае разбураць помнік. Таму першая задача рэстаўратараў нават не знайсці ўнікальныя выявы пад слоем белай фарбы, а даць дыхаць сценам храма.

– Дзяржава абяцала падтрымку і аказвае яе, – па-беларуску распавядае настаяцель царквы айцец Арсеній Ананька, і амаль гадзіну захапляльна распавядае сваю тэорыю ўзнікнення праваслаўнай гатычнай царквы на Слонімшчыне. – Але сваімі сіламі з дапамогай дабраахвотнікаў, якія працуюць ў нас ўжо другі год, мы прыбіраем фарбу са сценаў.

Сёння разам з Алесем Пушкіным працуе восем слонімскіх хлопцаў. З іх толькі адзін далучыўся ў гэтым годзе. У мінулым некалькі школьнікаў і студэнтаў, хай і пад кіраўніцтвам прафесійнага мастака, ачысцілі ад фарбы цэнтральную апсіду царквы. Мастак адзначае, што для рэстаўрацыі выкарыстоўваюцца амаль выключна беларускія матэр’ялы і хімікаты.

– З Алесем цікава працаваць. Ён шмат распавядае, можа намаляваць карціну, ікону, – кажуць хлопцы. – Розныя людзі прыязджалі ў мінулым годзе. Не ўсе засталіся, не ўсіх пакінуў на працы айцец Арсеній.

Пакуль хлопцы ладзяць будаўнічыя рыштаванні, у царкву прыязджаюць дзяўчыны, дамаўляцца пра Вянчанне. Потым экскурсія з паломнікамі…

– А ўяві, знойдзем Грааль, – усміхаецца Алесь Пушкін. – Сюды пілігрымкі будуць хадзіць. I залаты век наступіць.

Пад сваю фантастычную тэорыю мастак падводзіць гістарычны падмурак. Кажа, што тампліеры, якія валодалі Святым Граалем, шукалі спакойнае месца, дзе яго можна схаваць. Прусы, якіх выганялі са сваіх земляў крыжакі, вымушаны былі перасяліцца ў Вялікае Княства Літоўскае, дзе і пасяліліся пад Слонімам, пабудавалі цвержу, якая і стала сынкавіцкай царквой святога Міхаіла. Дзякуючы гэтай глушы, відаць, храм і захаваўся практычна некранутым.

– Часам сядзіш на рыштаваннях, і амаль скурай адчуваеш, што вось да гэтага алтара калісьці падыходзіў Вітаўт, які па легендзе фундаваў царкву. І на нейкім метафізічным узроўні гэтыя сцены захавалі яго частку. Ёсць жа дыфузія, і яго малекулы маглі застацца назаўсёды ў сценах царквы, і зараз я да гэтых сцен дакранаюся і яго энергетыка мне перадаецца, – кажа Алесь Пушкін. – Таму, няхай гэта і жарт, няхай і не навуковы, але варта знайсці такі Грааль для Беларусі, які будзе казаць пра нашу адметнасць.

Канешне, гэта мая мара, фантазія, але ж нецікава жыць без такой мары. У мінулым годзе адзiн з валанцёраў – студэнт гістарычнага факультэту Аляксей Друпаў – знайшоў сенсацыйнае, ўнікальнае графіці за алтаром, у цэнтральнай апсідзе. Невядомы чалавек на латыні напісаў – «Iisus Homini Salvador - Ісус Выратавальнік Людзей». Ён засведчыў, што на нашай зямлі ёсць еўрапейскі менталітэт, што мы Еўрапейская Беларусь, а не Азія. А хто меў доступ у алтар царквы? Або настаяцель, або дыякан. І ён пакінуў свой пасыл, упорнае жаданне не быць ардой – быць сапраўднай еўрапейскай краінай.

Падрабязны расповед пра тое, як шукаюць Грааль, у нашым фотарэпартажы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)