Политика
Аляксандр Старыкевіч

Алесь Міхалевіч: «Праблема ў тым, што мы не хочам дамовіцца, што мы — частка нейкага сцэнарыя»

Ці верыў Міхалевіч, што па выніках выбараў стане кіраўніком Беларусі? Якія магчымасці згубіў Лукашэнка? І ў чым палягае асноўная памылка апазіцыі? Пра гэта і шмат што іншае чытайце ў другой частцы размовы «Салідарнасці» з экс-кандыдатам у прэзідэнты ў межах праекту «Выбары: Рэканструкцыя».

Першую частку размовы чытайце тут.

«Беларусь – абсалютна непрадказальная краіна»

— Скажы, ты разумеў, што шэраг тваіх заяў і агульная пазіцыя падчас кампаніі шмат каму з апазіцыйнага электарату не даспадобы?

— Так, разумеў. Ішоў на гэта свядома, бо лічыў, што чым больш радыкальную пазіцыю ты займаеш, тым больш кансалідуеш свядомы электарат, але тым менш маеш шанцаў прэтэндаваць на галасы людзей менш радыкальных ці зусім не радыкальных.

— Цытую з твайго інтэрв’ю напярэдадні выбараў: “Я далей збіраюся браць уладу ў апазіцыі, нельга браць уладу ў дзяржаве, не ўзяўшы ўладу ў апазіцыі”. Як ты збіраўся браць уладу ў апазіцыі, калі падчас сваёй кампаніі свядома ствараў там сабе антырэйтынг?

— Адказ вельмі просты: падзеі пасля выбараў расставілі б усё на свае месцы.

— Але ж ты сам сказаў, што падзеі гэтыя ніхто не прадбачыў. А тут атрымліваецца, што ты, з аднаго боку, казаў тое, што не падабалася апазіцыйнаму электарату, і адначасова меў планы гэтую апазіцыю ачоліць.

— Не гэтую апазіцыю, а апазіцыю ўладзе. Гэта не абавязкова тая ж апазіцыя. Яна магла быць сфармавана часткова на тым, што было.

Ты сам казаў, што апазіцыя не была адзінай. Былі магчымасці, аб’яднаўшы частку людзей, якіх можна было б аб’яднаць... Але гэта ўсё ўмоўны лад, я яго не люблю.

— На гэтых выбарах ты ставіў асабістыя тактычныя задачы, так?

— Не.

— Як так? Ты ж сам казаў, што гэта для цябе пляцоўка, каб стартаваць далей. Ты ж ведаў, што не пераможаш.

— Я такога ніколі не казаў.

— Ты сапраўды верыў, што ёсць хаця б 1% ці 0,1%, што ты ў выніку гэтых выбараў пераможаш і станеш прэзідэнтам?

— Беларусь – абсалютна непрадказальная краіна. Ніхто не мог сказаць, што 20 снежня мы прачнемся ў такіх умовах, у якіх прачнуліся.

— Але прадказаць, што 20 снежня Міхалевіч не будзе прэзідэнтам, было не цяжка.

— Вернемся да таго, што Беларусь -- непрадказальная краіна. Падзеі маглі развівацца, як заўгодна. Магло быць зарэгістравана кандыдатаў столькі, колькі вырашыць адзін чалавек. Сцэнары маглі быць рознымі, і казаць, што шанцаў не было зусім, нельга. Так, іх было мала, але яны былі.

Што датычыць сваіх асабістых раскрутак, дык я проста вельмі не люблю, калі палітыкі гавораць, што “я працую для ўсяго народу, я адстойваю інтарэсы ўсіх людзей”. Тое, што адпавядае інтарэсам народа, будзе вызначаць сам народ ці канкрэтныя яго прадстаўнікі.

Вяртаемся да таго, што канкрэтна я рабіў на выбарах. Мне не падабаецца фармулёўка, што я вырашаў свае асабістыя інтарэсы. Калі б я бачыў, што зняццё пад іншага кандыдата прывядзе, да таго, што той чалавек становіцца прэзідэнтам, безумоўна, я дзейнічаў бы па-іншаму.

“Можна было б зрабіць многае нашмат лепш”

— Давай паспрабуем на ўзроўні версіяў адказаць, чаму сітуацыя аказалася настолькі перакуленай напрыканцы?

— Гэтая сітуацыя з паліталагічнага пункту гледжання аналізу не паддаецца. Шукай псіхіятраў і з імі размаўляй.

Лукашэнка прайграў адназначна. Дапусцім, ён дачакаўся б 2 гадзін ночы, акуратненька шчытамі выціснуў апазіцыю з плошчы, пасадзіў бы Саннікава і яшчэ некалькі чалавек (магчыма, і мяне) на 10 сутак. А 3 студзеня, калі ўвесь Захад выходзіць з каляднага адпачынку, усе ўжо на свабодзе. Працяг крэдытаў, працяг супрацы, прыём на вышэйшым узроўні і ўсё такое.

Я нават не кажу пра прызнанне выбараў. АБСЕ ўжо рыхтавалася абвясціць, што было лепш, чым раней. Усіх гэтая сітуацыя задавальняла. У апазіцыі здольнасці выводзіць людзей на Плошчу наступнымі днямі не было. Гэта была разавая акцыя.

А што маем зараз? Праблема з валютай, эканамічны крызіс. Усяго гэтага можна было пазбегнуць. Лукашэнка быў у той сітуацыі, калі гэтыя дадатковыя 2 мільярды адцягвалі б гэтую сітуацыю.

Патлумачыць тым, што гэта было карысна нейкім ястрабам КДБшным? Так, ёсць людзі, якім камфортна ў гэтых ўмовах, але рашэнні ў нас прымае ўсё роўна адзін чалавек. І нават калі б Лукашэнка памыліўся, у яго былі магчымасці змяніць сітуацыю. Напрыклад, калі здарыўся тэракт, сказаць: “Вось людзі да чаго дакаціліся, але апазіцыя тут не вінаватая, там таксама людзі, яны супраць тэрактаў, давайце ўсіх адпусцім”. І Захад заўтра б з ім пабратаўся. Праз тры дні да яго прыехалі б прадстаўнікі ЕС і сказалі б: “Лукашэнка, ты маладзец, ты асэнсаваў сваю памылку, з кім не бывае”.

Тлумачэнняў няма. Не хачу быць тым палітолагам, які спачатку робіць адны прадказанні, а потым тлумачыць, чаму яны не збыліся.

Я рэальна быў не гатовы да гэтай сітуацыі. Мяне забралі ў 4.30 ночы з маёй хаты, па месцы прапіскі. А знаходзіўся б я дзесьці ў іншым месцы з адключаным тэлефонам, то, вярнуўшыся праз месяц, быў бы нікому тут ужо не патрэбны. Мяне бралі толькі дзеля таго, каб зачытаць тэкст па тэлебачанні. А паколькі я адмовіўся ў грубай форме, дык хто ж мяне адпусціць пасля гэтага?

А пасля – поўны інфармацыйны вакуум. Я яшчэ бачыў прамовы Раманчука і Кастусёва па тэлебачанні. Прычым вельмі парадаваўся, што Кастусёў добра трымаўся -- у параўнанні з Раманчуком.

— Зараз, знаходзячыся на волі, ужо маеш дастаткова інфармацыі. Хацелася б пачуць пра работу над памылкамі: што дрэннага было ў тваёй кампаніі і наогул, якія памылкі дапусціла апазіцыя падчас выбараў?

— Асноўная памылка: мы шмат чаго робім стыхійна. У 2006 годзе Казулін і Мілінкевіч напару ігралі проста цудоўна: адзін граў добрага паліцэйскага, другі – дрэннага. Уся праблема ў тым, што мы гэта робім без дамоўленасці. Тое было і зараз: радыкальны (у добрым сэнсе) Статкевіч, эфектны Някляеў, дыпламат кшталту наменклатуры Саннікаў, быў я, Раманчук і г.д. Усё складвалася класна.

Праблема ў тым, што не было дамоўленасці, хто як дзейнічае. І пытанне тут не ў тым, каб здымацца пад аднаго кандыдата, а ў тым, каб разумець, які сцэнар далей, і ў чым роля кожнага. Мы не хочам дамовіцца, што мы -- частка нейкага сцэнарыя. Не трэба гэта блытаць з выбарам адзінага кандыдата. Адзіны – гэта міф, памылка. Ён не гарантуе нічога сам па сабе.

Мае ж памылкі звязаны выключна з тэхнічнымі пытаннямі: дрэнны непадрыхтаваны тэлевізійны выступ, нейкія моманты слабога піяру ў Мінску. Кінуў бы больш грошай на гэтыя пікеты ў сталіцы, то ніхто б не сумняваўся, што я сабраў подпісы. Такіх тэхнічных пытанняў было вельмі шмат. Ну і тое, што аказаўся дома пасля Плошчы – таксама памылка.

— А што пасля збіцця Някляева і разгону Плошчы ты не зразумеў, куды справа хіліцца?

— Як вядома, я быў адным з мяккіх кандыдатаў ў адносінах да Лукашэнкі і патлумачыць рацыянальна, навошта мяне трэба было арыштоўваць і рабіць з мяне радыкальную апазіцыю, я не магу. Адкуль жа я ведаў, што яму так патрэбная мая заява? (смяецца)

— Вы з Кастусёвым фактычна абодва з аднаго куста. Чаму паміж вамі, асабліва пасля сустрэчы ў Берштах у Мілінкевіча, не было нейкай супрацы? Нават проста публічнай акцыі, як у Саннікава з Някляевым?

— Таму што ў нас быў зусім розны электарат. Супраца была, але не бачная.

Мяне, напрыклад, вельмі крытыкавала “Наша ніва” за тое, што я не сказаў, што пры мне адразу будзе дзяржаўным бел-чырвона-белы сцяг. А Кастусёў адразу робіць сваю акцыю са сцягамі. Дэ-факта мы працавалі адзін на аднаго. Я гэтае пытанне ўздымаю, а ён кажа, што адназначна за бел-чырвона-белы сцяг і падвышае свой рэйтынг. Гэта якраз тая супраца, пра якую я кажу. Яна не павінна быць у выглядзе нейкага падпісання пад маніфестам, што мы ўсе разам, што мы супраць Лукашэнкі.

— Ты кажаш пра агульны сцэнар, а ў цябе не ўзнікала думка самому прапанаваць такі сцэнар, калі ніхто іншы гэтага не робіць?

— У мяне і да сябе і да майго штабу вельмі шмат пытанняў. Мы вельмі многае не зрабілі і былі не падрыхтаваны, у тым ліку і ў фінансавым плане. Таму я абсалютна прымаю крытыку, што можна было б зрабіць многае нашмат лепш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)