Алана Гебрэмарыям: «Больш любві, дабрыні, салідарнасці — гэта талака, якая закладзена у нас нашымі продкамі»

Былая палітзняволеная і экс-дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Алана Гебрэмарыям распавяла, як ставіцца да беларусаў, што катуюць іншых беларусаў.

— Мне згадалася цытата з «Каласоў пад сярпом тваім»: на кожнага адносна сумленнага чалавека было па дваццаць ланцужных псоў. Гэта вельмі падобна на тое, што абывалася ў турме: вельмі мала было сумленных людзей і, сапраўды, калі палічыць, на кожнага аднаго можна было знайсці дваццаць людзей, якія катуюць, пішуць даносы, спрабуюць зрабіць падлянку, правакаваць, — кажа Алана ў інтэрв’ю Еўрарадыё.

Алана Гебрымарыям

— Гэта і простыя людзі, і людзі з адміністрацыі. Канешне, мне было балюча назіраць і разумець гэта і да турмы, і пасля ў ёй. Гэта трэба было прайсці, пражыць. Але я не менш стала любіць беларусаў і беларусак: мне здаецца, што большасць людзей не можа сабе гэтага дазволіць. Што ёсць нейкія базавыя прынцыпы, якія чалавек на можа перайсці. І я адчуваю, што такіх людзей большасць.

Сілавікі жывуць абсалютна ў іншай сістэме каардынат: там шмат ідэалогіі. Некаторыя людзі ўзрошчаны гэтай сістэмай з пялёнак: былі сіроты, напрыклад. Ім далі ўсё і яны жывуць з думкай аб тым, што вінны гэтай дзяржаве. Увогуле не ва ўсіх ёсць падзяленне дзяржавы і народа, бо ўлада навязвае, што гэта адно цэлае — і мы, і вы. Па сутнасці яны кажуць пра сабе, а не пра людзей.

Дзяўчына падкрэслівае, што дзяржава і народ — розныя рэчы. Але ўладзе зручна так рабіць, каб людзі не маглі быць самастойнымі і свядомымі.

— Таму мне было балюча, але я канцэнтравалася на тым, што больш любві, дабрыні, салідарнасці — гэта талака, якая закладзена у нас нашымі продкамі. І, я думаю, гэта больш адлюстроўвае рэчаіснасць, чым тыя людзі, якія сабе дазволілі…У любых краінах, саўке гэта было — людзі закладвалі адзін аднаго, шукалі сабе лёгкага, лепшага жыцця і дабрабыту. Але такіх людзей была меншасць.

І зараз моладзь больш арыентавана на Еўропу. Беларусы — годная еўрапейская нацыя, якая фарміруецца, але можа стаць паўнавартаснай еўрапейскай нацыяй. І вось гэта для мяне адлюстраванне беларускіх людзей, а не сілавікі, якія катавалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)