Политика
Руслан Гарбачоў

Актывіста судзяць за тое, што зняў на камеру невядомага чалавека ў цывільным

У пятніцу павінен быў адбыцца суд над Алесем Любенчуком, які напэрэдадні вечарам зазняў на вуліцы чалавека ў цывільным, што суправаджаў кампанію дэмакратычных актывістаў з камерай у руках.

Як расказаў «Салідарнасці» непасрэдны сведка затрымання маладафронтаўца палітык Вячаслаў Сіўчык, непрыемная сітуацыя з Алесем Любенчуком адбылася каля Суду Першамайскага раёна Мінска, дзе вечарам 16 красавіка разглядалася скарга моладзевага актывіста Змітра Хведарука на незаконныя дзеянні вайскоўцаў падчас прызыву. Суд скаргу не задаволіў і недзе каля 20 гадзін Хведарук з кампаніяй знаёмых (усяго шэсць чалавек), сярод якіх былі Алесь Любянчук і Вячаслаў Сіўчык, выйшлі на ганак будынка.

– Хоць на судзе падкрэслівалі, што гэтая справа не палітычная, як толькі мы выйшлі, нас з вуліцы пачаў здымаць на відэакамеру невядомы чалавек у цывільным, – распавёў Вячаслаў Сіўчык. – Мы былі абураныя, Алесь дастаў сваю відэакамеру і накіраваў яе ў яго бок, але невядомы чалавек тут жа адвярнуўся. Праз некалькі хвілін з суду выйшаў вайсковец, і мы разам з ім вырашылі правесці Хведарука. Той жа невядомы чалавек падбег збоку і зноў пачаў нас здымаць. Калі Алесь дастаў камеру, ён паспрабаваў вырваць яе, але калі ў яго нічога не атрымалася, выклікаў па тэлефоне міліцыю. Алеся даставілі ў Першамайскі РАУС, дзе склалі на яго пратакол аб дробным хуліганстве і пакінулі начаваць у пастарунку. Нас, непасрэдных сведкаў, у міліцыю ніхто не пусціў.

P.S. Суд над Алесем Любенчуком у пятніцу быў перанесены на 21 красавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)