Политика
Мікола Чарняўскі

Актывіст БХД не вярнуўся ў Беларусь з Латвіі. Кіраўніцтва яго не асуджае

У Рызе знік 27-гадовы віцебскі актывіст «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі»Алесь Галавань, які ўдзельнічаў у семінары «Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў». У гатэлі ён пакінуў пашпарт і запіску, дзе паведаміў пра рашэнне не вяртацца ў Беларусь

Як паведаміў «Салідарнасці» сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павал Севярынец, семінар завяршыўся ў нядзелю, а ў панядзелак скончыўся тэрмін дзеяння шэнгенскай візы Галаваня. У беларускай амбасадзе ў Рызе Радыё Свабода заявілі, што нічога пра гэты выпадак не ведаюць.

– Апошняму чалавеку, які яго бачыў, Алесь паведаміў, што накіроўваецца ў царкву. Больш ніякай сувязі з ім у нас не было, – распавёў Павал Севярынец.

Алесь Галавань быў актывістам «Маладога Фронта» з 2000 году, быў сябрам арганізацыі «Край», апошні час працаваў у БХД. Неаднаразова пераследваўся за палітычную дзейнасць. 27 верасня гэтага года падчас візыту ў Віцебск патрыярха Кірыла Галавань быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў БХД. 30 верасня ён быў жорстка збіты.

– У родным Віцебску Алесь быў на асаблівым уліку ў міліцыі. Падчас «Славянскага базару» і агульнагарадскіх мерапрыемтваў яго нават абвяшчалі ў пошук, – сказаў Севярынец. – Алесь баец па характары. Але, відаць, нешта прымксіла яго пайсці на такое рашэнне. Не выключаю, што гэта яго рэакцыя на апошнія падзеі (у верасні яго жорстка збілі 5 чалавек і перадалі пры гэтым прывітанне ад міліцыі) і паведамленні пра выкраданне моладзевых актывістаў.

Палітык адзначыў, што «любы чалавек мае права выбраць бяспеку і свабоду, таму я яго не асуджаю».

Як паведаміў «Салідарнасці» брат Алеся Галаваня Дзмітрый, вечарам 8 снежня на яго нумар прыйшла вэб-смска «Са мною ўсё нармальна». Больш ніякай інфармацыі ад брата сваякі не атрымоўвалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)