Политика
Зьміцер Панкавец, фота Юліі Дарашкевіч, ”Наша нiва”

Акцыя на Дзень сьвятога Валянціна ў Менску (фота)

Сёлета напярэдадні традыцыйнай акцыі «Маладога фронту» на Дзень сьвятога Валянціна амаль не было ніякай агітацыйнай прадукцыі, якая б заклікала людзей 14 лютага прыйсьці на пляц а 17:00. Можа акурат таму ў прызначаны час на месцы было толькі некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў. Побач з ратушай тулілася прыкладна такая самая колькасьць «ціхароў», якія ўсё старанна фільмавалі.

Нейкі хлопец прынёс вялікую колькасьць белых і чырвоных балёнікаў, якія пачалі раздаваць прысутным. З старэйшых палітыкаў акцыю наведаў толькі Аляксандар Мілінкевіч.

Празь нейкі час на плошчы зьявіліся нядаўнія палітвязьні – Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, абодва ў гарнітурах і пры гальштуках. Менавіта яны і пачалі раздаваць павязкі “Я люблю Беларусь”.

З Катэдральнага касьцёлу выйшлі чатыры дзяўчыны, якія былі апранутыя ва ўжо традыцыйныя белыя анёльскія строі зь вялікім сэрцам на грудзях. Дзяўчаты несьлі з сабой бел-чырвона-белы сьцяг.

Пакрысе і на пляцы пачалі ўздымацца нацыянальныя палотнішчы. Маладзёны разгарнулі дзьве расьцяжкі «Акцыя любові» і «Малады фронт». Некаторыя трымалі ў руках бэнгальскія агеньчыкі. Міліцыянты назіралі за ўсім гэтым абсалютна спакойна.

Выступіў Зьміцер Дашкевіч, які заклікаў павіншаваць са сьвятам любові прадстаўнікоў эўрапейскіх і амэрыканскага пасольстваў. Найперш калёна рушыла да францускай амбасады, якая месьціцца акурат на пляцы Волі.

У будынак пайшлі Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька і Кася Галіцкая. Іншыя засталіся на вуліцы. Зьявіліся Іна Кулей і Людміла Гразнова.

Зь невялікай прамовай выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён сказаў: «Віншую вас з днём Сьвятога Валянціна. Цудоўнае сьвята, цудоўны дзень. Чалавек, які кахае, сьветлы, прыгожы, ён жыве даўжэй. Я хачу, каб вы захавалі на ўсё жыцьцё гэтае шчасьце Божае – кахаць і быць каханымі. А яшчэ зычу ўсім ніколі не губляць любоў да Бацькаўшчыны».

У пасольстве «маладафронтаўскую» дэлегацыю прымала асабіста спадарыня Мірэй Мюсо, што заўважна кантраставала зь мінулымі гадамі.

Калёна тым часам накіравалася ўбок вуліцы Карла Маркса. У гэты час раптоўна пачаўся вялізны сьнегапад, амаль такі самы як 19 сакавіка 2006 году. Шэсьце пад сьнегам, дзяўчыны-анёлы, бел-чырвона-белыя сьцягі выглядалі вельмі эфэктна і прыгожа.

Некаторыя меркавалі, што ўдзельнікі акцыі зьбіраюцца прайсьціся са сьцягамі і скандаваньнем «Жыве Беларусь» пад вокнамі Адміністрацыі прэзыдэнта, але ўсё ж не наважыліся – у апошні момант зьвярнулі на Кастрычніцкую. У любым выпадку, так блізка зь бел-чырвона-белымі сьцягамі да Адміністрацыі ўжо даўно ніхто не падыходзіў.

Падчас шэсьця ад Кастрычніцкай да плошчы Перамогі дэманстранты гукалі «Бог дапаможа, і мы пераможам», «Свабоду палітвязьням», а таксама сьпявалі «Пагоню» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Ля польскага пасольства, што на Румянцава, віншаваньні прымалі 2-гі сакратар Маруюш Краеўскі і прэс-аташэ Моніка Садкоўская.

Апошнім пунктам праграмы была амэрыканская амбасада. Калі дэманстранты завярнулі ўбок Сьвіслачы, то побач з домікам 1-га зьезду РСДРП катаўся аўтазак. Нікога затрымліваць ня сталі, хаця ў калёне ішло дастаткова шмат пераапранутых у цывільнае амонаўцаў.

Ад пасольства ЗША да моладзі выйшаў першы сакратара Луіс Крышак, які па-беларуску прамовіў: “Віншую вас з Днём сьвятога Валянціна”. Дыплямат прынёс з сабой цукерак, якімі частаваў моладзь. Зьміцер Дашкевіч у размове са сп.Крышакам зьвярнуў увагу на праблему палітвязьняў.

На гэтым акцыя і скончылася. Яна не была вельмі шматлікай, але і не выбівалася з шэрагаў падобных мерапрыемстваў мінулых гадоў. Традыцыйны такі Дзень сьвятога Валянціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)