Агульнабеларуская дыктоўка ў Менску прайшла з аншлагам

У Міжнародны дзень роднай мовы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны правяла першы этап чацьвёртай агульнабеларускай дыктоўкі. Сёлета дыктоўка прысьвечаная 120-годзьдзю ад дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Менская дыктоўка адбылася ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча пры ўдзеле вялікай колькасьці людзей.

Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку ў Менску пісалі ў два заходы — усе ахвотныя не зьмясьціліся ў музэйнай залі (прыйшлі больш за 130 чалавек). Па традыцыі ўдзел у акцыі прыняў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, а сёлета да яго далучыўся таксама прадстаўнік расейскай амбасады ў Беларусі.

Cярод вядомых людзей — мастак Аляксей Марачкін: «Я пісаў дыктоўку разам са сваёй жонкай Ірынай Сяргееўнай. Гэта, канечне, вялікае сьвята — Міжнародны дзень роднай мовы — і хацелася, каб ініцыятыву ТБМ падтрымала дзяржава. Каб гэты і наступныя гады былі гадамі беларускай мрвы — гэта вельмі важна».

Вынік пераўзышоў найлепшыя чаканьні, кажа адзін з арганізатараў акцыі, старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Я вельмі задаволены, бо гэта першая дыктоўка, калі ў залі не хапіла месца. І я вельмі ўдзячны музэю, бо яны стварылі аўру Максіма Багдановіча. Тут нават можна набыць паштоўку з партрэтам Максіма Багдановіча і тэкстам, які мы зараз пішам. Людзі вельмі задаволеныя, і мы таксама, бо такога аншлягу ў нас яшчэ не было».

Алег Трусаў паведаміў, што чацьвёртая агульнанацыянальная дыктоўка сёлета будзе праводзіцца ў тры этапы і завершыцца ў Дзень волі 25 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)