Общество
Вольга Слуцкая

«Адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы няма з кім: хто ў турме, а хтосьці з’ехаў за мяжу» (відэа)

Былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка нагадаў, чаму беларусы павінны памятаць і адзначаць 8 верасня, і што менавіта для яго значыць гэтая дата.

— Па-першае, гэта гістарычная дата, — гаворыць Валерый Костка. — У гэты дзень пад Воршай у 1514 годзе 32-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага перамагло 80-тысячнае войска Маскоўскага княства. Гэта адзін з гістарычных прыкладаў стратэгічнага вядзення барацьбы. Пра гэтую бітву напісана шмат у якіх падручніках і выкладаецца ў ваенных акадэміях свету, акрамя хіба Беларусі і Расіі. Зразумела, расіянам не вельмі прыемна гэта ўспамінаць.

У 1992 годзе ў гэты самы дзень 8 верасня ў Менску на Плошчы Незалежнасці вайскоўцы прысягалі на вернасць Беларусі. Арганізатарамі прысягі выступілі Беларускае згуртаванне вайскоўцаў і партыя БНФ. Памятаю, на плошчу прышлі Васіль Быкаў, Міхась Ткачоў, дэпутаты парламента.

Пасля гэтага парламент прыняў рашэнне прывесці беларускія сілавыя структуры да прысягі 1 снежня пад бел-чырвона-белымі сцягамі і «Пагоняй».

На жаль, беларусы мала ведаюць пра гэтую дату, бо ў школах ей надаецца мала ўвагі, але прыйдзе час — даведаюцца.

8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Менску беларусы-афіцэры прынялі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі ўдзельнічалі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падвяргаліся ціску з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.

Валерый Костка кажа, што яму няма з кім адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы.

— Лідэр, які арганізоўваў прысягу на вернасць краіне, — Мікола Статкевіч сядзіць у турме. Уладзімір Барадач, які зачытваў тэкст прысягі 8 верасня, знаходзіцца за межамі краіны, таму што тут небяспека для его ёсць. Я павіншаваў Зянона Пазняка, і ён быў узрадаваны, што на радзіме памятаюць пра Дзень вайсковай славы. Спадзяюся, што ў наступным годзе мы шырока адзначым гэтую дату – гадавіну Аршанскай бітвы і 20-годдзе прыняцця прысягі. Шкада, што прайшло дваццаць гадоў, а мы не здолелі дасягнуць таго, пра што марылі. Але трэба верыць, што Беларусь будзе вольнай і незалежнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)