«Адзінае, што мяне турбуе — гэта стан маіх сяброў»

17 лютага каля 21-й гадзіны зь ізалятару КДБ пад падпіску пра нявыезд выпусьцілі намесьніцу старшыні «Маладога фронту» 20-цігадовую Насту Палажанку.

Пра яе вызваленьне бацьку Насты Ўладзімеру Палажанку паведаміў сьледчы. Ён папрасіў прыехаць і забраць Насту.

Палажанкі кажуць, што гэтае паведамленьне сталася поўнай нечаканасьцю для абоіх. Цяпер яна знаходзіцца дома.Павіншаваць кветкамі і цукеркамі яе прыйшлі маладафронтаўцы Мікола Дземідзенка, Тацяна Шапуцька і іншыя.

-- На якіх умовах вас вызвалілі?

-- На ўмовах падпіскі ад нявыезьдзе.

-- Вы падазраваная, абвінавачаная, сьведка? Які ваш статус у гэтай крымінальнай справе?

-- Я праходжу як абвінавачаная, безумоўна.

-- Што вы цяпер можаце рабіць, што вам забаронена?

-- Мне не казалі, што можна, што забаронена. Я ня маю права разгалошваць матэрыялы справы, я ня маю права камэнтаваць штосьці нейкім чынам. Тут закранаюцца мае сябры.

Адзінае што я хачу – як мага больш пакуль пабыць тут, каб максымальна дапамагчы тым людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Таму што, на вялікі жаль, я нічога ня ведала, што адбываецца на свабодзе. Адзінае, што мяне турбуе найбольш – гэта стан маіх сяброў. Гэта Дзіма, гэта "Малады фронт", гэтыя тыя хлопцы, што там застаюцца. І дзелі іх мне трэба недзе трошкі прыкусіць язычок.

-- Ці чулі вы пра прысуд Парфянкову?

-- Не, таму, на жаль, я ніякім чынам не магу гэта пракамэнтаваць.

-- Што з вамі адбывалася ў турме КДБ? Як часта з вамі праводзілі сьледчыя дзеяньні?

-- На вялікі жаль, гэта таксама тайна ўсяго гэтага сьледчага працэсу, я не магу пра гэта казаць. Я магу толькі сказаць, што са мной усё ў парадку і адчуваньне ў мяне добрае, а пра нейкія падобныя мерапрыемствы я не магу даваць камэнтароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)