Общество
Таццяна Гусева

«Аддам стол Уладзіміра Караткевіча ў добрыя рукі»

Мастак і літаратар Адам Глобус гатовы перадаць стол класіка беларускай літаратуры, за якім былі напісаныя «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Фота з Жывога часопіса Адама Глобуса

Стол Уладзіміра Караткевіча захоўваецца на лецішчы бацькоў Адама Глобуса.

– Менавіта за гэтым сталом Караткевіч напісаў усе свае асноўныя творы, – расказвае Адам Глобус. – Толькі напрыканцы жыцця Валянціна Браніславаўна купіла мужу новы вялікі стол. Выкінуць стары было шкада. Караткевічы папрасілі забраць стол на нашу дачу. Там ён з таго часу і стаіць. Бацька мой любіў за ім пісаць свае дзённікі. Каб хто забраў стол Караткевіча ў добрыя рукі, я б яго і аддаў.

Але ёсць у Адама Глобуса ўмова: стол павінен застацца ў сталіцы.

– Лепшыя творы Караткевіча былі напісаны ў Мінску. І Караткевіч быў цалкам сталічным чалавекам. Я не згодны з тым, каб перавозіць ягоны стол у Воршу.

– Чаму б не зрабіць куток Караткевіча ў мінскай школе ці вучэльні, ці ва ўніверсітэце, а можа быць у краязнаўчым музеі ці ў музеі літаратуры? – разважае суразмоўца. – Чаму б не пачаць працу над стварэннем музея Караткевіча ў Мінску?

Пасля таго, як Глобус у сваім Жывым часопісе некалькі дзён таму абвясціў аб перадачы стала, вартых прапаноў яму не паступала.

– Некаторыя звярталіся, гаварылі: «Я магу забраць». Ну, добра, я ж яго не выкідаю! – смяецца Адам Глобус. – Мне ж не гарыць яго аддаць. Мне хочацца стварыць рэзананс і размову вакол гэтай рэчы. Людзі згодныя забраць стол, нават у Амерыку звезці. Але па сутнасці гэта нічога не мяняе. Пакуль ён будзе стаяць у некага – застаецца прыватным аб’ектам. А ён павінен ператварыцца у практычна музейную рэч, бо гэта не проста стол часоў Караткевіча.

Вось прыходзіш у музей і ляжыць там жаба, напрыклад, і на ёй напісана «жаба Лермантава». Пытаешся, ці сапраўды ў Лермантава была гэтая жаба. Не, кажуць табе, «ёсць легенда, што быццам бы некалі, у некага, нехта чуў». Нашто ж вы пішаце «жаба Лермантава» у музеі Багдановіча! А дзеці ж прыходзяць, вераць... Дык лепш замест містычнай жабы Лермантава паставіць рэальны стол Караткевіча!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)