Адчуй сябе жонкай Джорджа Буша

Амерыканская мара заваёўвае сэрцы беларускай аўдыторыі. Яна паўсюль: ад конкурса на Еўрапейскім радыё для Беларусі да … тэлеканала Першы нацыянальны, у простанароддзі — БТ.

Днямі канал апублікаваў дадзеныя рэйтынгу першай часткі серыялу “Адчайныя хатнія гаспадыні”, згодна з якім гісторыі з жыцця заможных сімпатычных амерыканскіх хатніх гаспадынь праглядзела 33,5% аўдыторыі вечаровага эфіру тэлеканалу. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА выступіла з адмысловым каментаром на гэтую тэму. Апошні абзац варты таго, каб прывесці яго тут амаль цалкам:

“Большую часть зрительской аудитории составляют представительницы прекрасного пола. Причем исследование позволяет говорить об интересе женской аудитории в возрасте 30-45 лет. Телезрительницы проецируют события сериала на собственную жизнь, сравнивают ее с происходящим на экране. Категория юных зрительниц от 16 лет рассматривает сериал как своего рода познавательный материал, оценивая модели поведения героинь, их умение подавать себя, эффектно выглядеть”.

Цікава, ці глядзела аўтар артыкула хоць адзін адцінак гэтага серыялу? Калі так, то можна толькі пазайздросціць смеласці, з якой яна выкрывае планы “Першага нацыянальнага” па расшатванні асноваў успрыняцця стабільнай беларускай рэальнасці беларускімі хатнімі гаспадынямі (якія зазвычай робяцца “хатнімі”, вярнуўшыся пасля 8-гадзіннага працоўнага дня).

Параўнанне штодзённага быту тыповай беларускай глядачкі БТ ва ўзросце 30-45 гадоў з рэаліямі і праблемамі равесніц у Штатах — гэта нашмат сур’ёзней за штодзённыя прагляды бразільскіх або мексыканскіх прыгодаў рэінкарнацыяў Ізаўры і Проста Марыі. Ці шмат сярод іх былых фотамадэляў, якія зразумеюць, што шчасце не ў грошах, а ў каханні з хлопцам, які падстрыгае газон каля іх прыватнай віллы? Былых супрацоўніц вялікіх кампаній, якія кідаюць вельмі даходную працу для выхавання траіх дзяцей?

Нарэшце, чаму навучацца 16-гадовыя беларускі, якія будуць выбіраць мадэль паводзінаў амерыканскіх адзінокіх кабет як стыль жыцця — ці хоць адна з гераіняў серыялу, да прыкладу, была сябрам БРСМ?

З іншага боку, мэтай паказу серыялу можа быць і выклік у беларускай аўдыторыі справядлівага адчування таго, што гэтыя амерыканкі нармальнага жыцця проста не ведаюць. І ў гэтым нашыя жанчыны, дарэчы, могуць быць салідарнымі з жонкай прэзідэнта ЗША Лаурай Буш, якая як і яны па вечарах глядзіць гэты серыял:

“… вось наш тыповы вечар: дзевяць гадзін, ён ужо моцна спіць, а я гляджу “Адчайных хатніх гаспадыняў” — з Лін Чэйні. Спадарыні і спадары, гэта я адчайная хатняя гаспадыня. Я маю на ўвазе — калі гэтыя жанчыны ў гэтым шоў думаюць, што яны адчайныя, няхай паспрабуюць жыць з Джорджам”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)