«А замест песняў — хрусцяць хрыбты». Журналістка Кацярына Андрэева ў зняволенні напісала верш
Яго апублікаваў муж палітзняволенай — палiтычны аналiтык Ігар Ільяш.
Ён расказаў, што верш быў напісаны яшчэ зімой і гэта не першы яе твор, што піша Кацярына Андрэева.
— Звычайна яна просіць іх нікому не паказваць, але гэты я вырашыў усё ж апублікаваць, — адзначыў Ігар Ільяш.
Над белым полем -
Зімовым морам
У цішыні
І сярод турбот
Над маім шчасцем
І маім болем
Каторы месяц,
Які ўжо год
Ляціць, трымціць,
Нявымоўна ззяе
На чорнай коўдры
Родных нябёс
Мая самотная
І нямая
Мая адзіная
Зорка-лёс.
Я ёй малюся, яе
Баюся
Яе спрабую
Не заўважаць.
А прыйдзе час —
Назаўжды спынюся
Пад зорным позіркам
Спачываць.
Пакуль блукаю
Глухою сцежкай
Дзе звер пакінуў
Свае сляды
Ужо не страшна,
Ужо не смешна
Ужо ніякай
Няма бяды
У тым што сціхлі
Навокал песні
А замест песняў —
Хрусцяць хрыбты.
У любым краі,
Дзе на прадвесні
У вакно астрогу
Мне ззяеш Ты.
Нагадаем, у красавіку стала вядома, што Кацярыне Андрэевай прад'явілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»). Палітзняволенай пагражае ад 7 да 15 год пазбаўлення волі. Не выключана, што суд адбудзецца ў маі.
Пры гэтым менш чым праз паўгода журналістка павінна была выйсці з турмы пасля поўнага заканчэння тэрміна. За краты яе адправілі за стрым з Плошчы перамен.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное