Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

20 гадоў Дабралюбаву не давалі працаваць з-за Быкава

Беларусь развіталася з Ігарам Дабралюбавым. Славуты кінарэжысёр пайшоў з жыцця 19 ліпеня. Яму было 76 гадоў. 22 ліпеня мэтра пахавалі на Ўсходніх могілках у Мінску.

Грамадзянская паніхіда па рэжысёру Ігару Дабралюбаву праходзіла ў Доме кіно. За амаль паўстагоддзя працы ў кінематографе мэтр зняў каля двух дзясяткаў фільмаў. Сярод самых вядомых: “Іван Макаравіч”, “Вуліца без канца”, “Белыя росы”, “Плач перапёлкі” і шмат якія іншыя.

Пачынаючы з 1962 года Дабралюбаў нязменна працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Але ні дырэктара студыі Замяталіна, ні кагосьці іншага з яе кіраўнікоў на паніхідзе не было. Затое быў намеснік міністра культуры Ўладзімір Карачэўскі, які зачытаў ліст родным рэжысёра, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. А ў размове з Еўрарадыё прызнаўся, што ставіць фільмы беларускага майстра вышэй за амерыканскія баявікі.

Уладзімір Карачэўскі: “Фільмы, якія здымаў мэтр, пранізаныя святлом, жыццём, радасцю. Такіх фільмаў цяпер не так шмат. А хочацца, калі прыйдзеш пасля цяжкага працоўнага дня, уключыць тэлевізар і пабачыць нешта добрае, а не толькі баявікі і дэтэктывы. Хочацца ўбачыць народную камедыю, дзіцячае добрае кіно”.

А акцёр Генадзь Гарбук з удзячнасцю прыгадаў час сумеснай працы з Ігарам Дабралюбавым.

Генадзь Гарбук: “Усе, хто з табой працаваў, назаўжды запомняць тваю інтэлігентнасць, эрудыцыю, велізарны прафесіяналізм. І, безумоўна, нават не цёплыя, а ласкавыя адносіны да ўсіх людзей у здымачнай групе”.

Вельмі высока ацаніў творчасць рэжысёра кінакрытык Ігар Сукманаў.

Ігар Сукманаў: “Мы калі пераглядаем гэтыя фільмы з пункту гледжання гісторыі, то адчуваем той дух 1960-1970-х гадоў. Асаблівы дух, асаблівы час, асаблівае праўдалюбства, асаблівае стаўленне да свету. Вельмі праўдзівае, вельмі акрэсленае і, магчыма, у нечым ілюзорнае. Але — шчырае”.

Між тым вядома, што апошнія гады рэжысёр не здымаў нічога новага. У яго былі праблемы з кіраўніцтвам “Беларусьфільма”. Еўрарадыё пацікавілася ў намесніка міністра культуры, ці цаніла дзяржава пры жыцці таленавітага рэжысёра.

Уладзімір Карачэўскі: “Надзялялася ўвага і яму, і яго творчасці. Маглі быць нейкія творчыя непаразуменні альбо не ўсё атрымлівалася так, як хацелася майстру, але я лічу, што дзяржава падтрымлівала і паважала яго творчасць”.

З гэтым катэгарычна не пагадзіўся даўні сябра Дабралюбава рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Юрый Хашчавацкі: “Яму не далі працаваць у канцы жыцця. Ён дваццаць гадоў маўчаў, нават больш. Гэта жахліва і гэта злачынства супраць беларускай культуры — тое, што Ігар Міхайлавіч не змог зрабіць тое, што ён хацеў — зняць фільма паводле Быкава”.

Дабралюбаву, кажа Хашчавацкі, “перашкаджала” бесклапотна жыць яго любоў да свабоды і нежаданне выконваць ідэалагічны заказ. І менавіта створаныя знешнімі сіламі складанасці, лічыць ён, давялі Дабралюбава да ранняй смерці.

З тым, што Ігар Міхайлавіч ніколі не быў падлізнікам, згодны і рэжысёр Віктар Дашук.

Віктар Дашук: “Як сведка магу засведчыць, што ў гэтыя складаныя гады, калі многія прыстасоўваліся, ён ніколі не здрадзіў самому сабе, ён заставаўся самім сабой. Ён не быў прыстасаванцам, не быў падлізнікам. Гэта азначае, што ў гэтага чалавека гена халуйства ў крыві не было”.

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч прызнаўся, што ведаў Ігара Дабралюбава больш за 50 гадоў. Некалі, падчас вайсковых збораў, яны нават разам сядзелі на гаўптвахце. З тых часоў яны сябравалі і, кажа Шушкевіч, ён вельмі паважаў Дабралюбава як чалавека. І ў ранняй смерці сябра палітык вінаваціць “Беларусьфільм” і дзяржаўнае кіраўніцтва.

Станіслаў Шушкевіч: “Ідэалогія нашай дзяржавы не сумяшчальна з творчасцю сапраўднай. І таму яна абсалютна несумяшчальна была з Ігарам Дабралюбавым. Я думаю, што гэта адна з прычын, якая адносна рана загнала яго ў магілу. Яго гэтыя зрывы, няшчасці са здароўем наўпрост звязаныя з непрыстойнасцю нашых уладаў і непрыстойнасцю кіраўніцтва “Беларусьфільма”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)