Политика
Руслан Гарбачоў

«11 кастрычніка скончыцца нават тая «свабода», якая ёсць зараз»

Вядомы грамадскі і палітычны дзеяч Вячаслаў Сіўчык на пляцоўцы «Салідарнасці» тлумачыць, што трэба тэрмінова рабіць беларускай апазіцыі, каб мець уплыў на падзеі ўнутры краіны.

– Чаму я праяўляю гэтую ініцыятыву? Мне страшна за Беларусь. На жаль, усё адбываецца па горшаму сцэнару. Цалкам можна дапусціць, што пасля выбараў нас могуць чакаць падзеі інспіраваныя з Масквы. Усё больш людзей у Беларусі выказваюць захапленне Пуціным. Таму, ведаючы, як адбывалася акупацыя Крыма, як быў штучна створаны канфлікт на Данбасе, мы павінны быць падрыхтаваныя да самага горшага варыянту.

Але што мы маем? Беларуская апазіцыя сёння не з’яўляецца палітычным суб’ектам ні ўнутры краіны, ні за яе межамі. Раз’яднаная апазіцыя нікому не цікава. Пры тым што ў краіне відавочны палітычны крызіс, Лукашэнка састарэў і нічога не можа прапанаваць грамадству.

Мы бачым, што адбываецца клаўнада. Ледзь не кожны палітык у сваіх выступах не столькі крытыкуе Аляксандра Лукашэнку, колькі крытыкуе тых людзей, якія ў той ці іншай ступені знаходзяцца ў апазіцыі да ўлады.

– На акцыі супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай вайсковай базы вы заявілі, што апазіцыі патрэбна аб’яданне, а чалавекам, вакол якога яна можа аб’яднацца, павінен стаць Мікола Статкевіч.

– Я лічу, што да 11 кастрычніка ў абавязковым парадку мусіць узнікнуць аб’яднаная апазіцыя. Падставай для гэтага ёсць два тэзісы, якія падзяляюць усе. Першы: мы не маем свабодных і дэмакратычных выбараў (з гэтым згодныя і тыя, хто выступае за байкот, і тыя, хто ўдзельнічаюць у сённяшніх «выбарах»). Другі: мы павінны захаваць незалежнасць беларускай дзяржавы. Гэтых падстаў для аб’яднання досыць.

Што датычыць магчымага лідара аб’яднаная апазіцыі, то я сапраўды лічу, што ім павінен стаць Мікалай Статкевіч. Па-першае, ён не здаўся дыктатару, адседзеў па гэтай прычыне чатыры з паловай гады ў турме і таму мае маральная права на лідарства. Па-другое, людзі яго падтрымліваюць. Я чарговы раз ў гэтым пераканаўся, калі выступаў на акцыі супраць расійскай вайсковай базы (дарэчы, Статкевіч не ведаў, што я выступлю з прапановай аб’яднання апазіцыі на чале з ім).

Калі мы хочам, каб у краіне адбыліся змены, апазіцыя павінна быць аб’яданая і мець аднаго лідара.

– Чаму вы лічыце, што апазіцыя павінна аб’яднацца менавіта да 11 кастрычніка?

– 11 кастрычніка скончыцца нават тая «свабода», якая ёсць зараз, калі мы можам правесці вулічныя акцыі. Гайкі будуць заціскацца, бо Лукашэнку няма чаго прапанаваць народу. Мы адна з самых бедных краін Еўропы. Бядней за нас жывуць хіба малдаване, якія маюць праблемы з Расійская імперыяй (Прыднестроўем) і ўкраінцы, якія ваююць з ёй жа.

Разам з тым разумею: да 11 кастрычніка можна паспець хіба што выступіць з агульнай заявай пра аб’яднанне.

– Пад аб’яднаннем апазіцыі вы маеце на ўвазе аб’яднанне ўсяго спектра апазіцыйных структур – ад «Гавары праўду» да БХД?

– Абсалютна.

– Што вы ўкладаеце ў панятак «аб’яднанне»? Стварэнне агульнай структуры, новай кааліцыі, нешта яшчэ?

– Форма не так важна. У розных еўрапейскіх краінах аб’яднанне апазіцыі ішло рознымі шляхамі. Я не думаю, што у нас магчыма стварыць адзіны агульны рух. Гэта можа быць і кааліцыя партый і рухаў, гэта можа быць нават нарада апазіцыйных структур. Форма не важна, галоўнае – дасягнуць дамоўленасці, чым будуць займацца ўсе структуры, прадугледзець агульныя крокі.

У аб’яднанай апазіцыі, на мой погляд, павінна быць дзве галоўныя мэты. Першая: дабіцца свабодных і дэмакратычных выбараў. Другая: супрацьстаяць агрэсіўным планам Уладзіміра Пуціна.

Фота Сяргея Гапона

Калі мы вернемся да тэмы гэтых выбараў, то я адзначу адно: не лічу любую тактыку, якой прытрымліваюцца дэмакратычныя сілы пры правядзенні выбарчана фарсу, нейкай панацэяй. Усе ведаюць, што выбараў няма. І не да канца зразумела, як байкотам ці ўдзелам у тым, што ёсць, іх можна вярнуць.

Аб’яднаная апазіцыя загадзя магла б абвясціць уладзе ўмовы свайго ўдзелу ў выбарах. Да прыкладу, адзін ясны і просты крытэр: у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі і ўлады павінна быць 50% на 50%. І тады б мы мелі ўмоўны год, каб выбіць ад улады згоду на гэта – праз народ і праз Захад, дзе Лукашэнка спадзяецца атрымліваць крэдыты.

Звярніце ўвагу: паколькі апазіцыя не аб’яднаная, паколькі ўсе ў нас такія «разумныя», то Захад вымушаны быў змірыцца з Лукашэнкам. Асабліва на фоне падзей ва Украіне, калі ён выглядаў быццам бы як міратворац. Гэтага б не здарылася, калі б апазіцыя размаўляла з народам і Захадам адным голасам, а не разнагалоссем.

– Вы вялі з кім-небудзь перамовы па аб’яднанню дэмакратычных сіл?

– Перамовы вяліся ў тым ці іншым фармаце мной і іншымі людзьмі ўсе гэтыя гады.

– І ніколі аб’яднанне не атрымоўвалася. Чаму зараз, на вашу думку, гэта можа стаць магчымым? З чаго раптам умоўны Лябедзька, які мае структуру, прызнае лідарства Статкевіча, у якога яе няма?

– Тамушта ў лідараў апазіцыі павінна ўзнікнуць адчуванне небяспекі. Расія можа выкарыстаць раз’яднанасць апазіцыі, дэзарыентацыю грамадства, слабыя бакі аўтарытарнага рэжыму. Раз’яднанасць можа прывесці да катастрофы.

– А вы не думаеце, што апазіцыя выйдзе на тое, каб загаварыць адным голасам з народам і Захадам, праз натуральны адбор? Умоўна кажучы, Караткевіч (яе каманда) атрымае пэўную падтрымку ў грамадстве, і роля асобных небаяздольных структур і адзіночак акажацца неістотнай.

– Раней жа ў нас былі адзіныя кандыдаты ад апазіцыі, так? Па іх досведзе я не стаў бы сцвярджаць, што нават атрымаўшы на выбарах пэўную патрымку, можна захоўваць яе доўгі час. Паверце, вельмі хутка рэйтынгі пойдуць уніз.

Зноў паўтару: сёння апазіцыя не з’яўляецца палітычным суб’ектам ні ўнутры, ні па-за межамі краіны. Калі яна хоча ўплываць на далейшыя падзеі ў краіне, трэба аб’ядноўвацца. Час выправіць памылкі яшчэ ёсць, але яго засталося вельмі мала.

Калі на працягу апошніх чатырох гадоў людзі не хацелі займацца сур’ёзнай палітыкай і гэта было проста дурасцю, то цяпер гэта злачынства перад Беларуссю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)