Общество

10 аргумэнтаў за «Пагоню»

У дні, калі ўсе абмяркоўваюць касмэтычныя зьмены ў афіцыйны герб Рэспублікі Беларусь, няма прычыны не паўтарыць пару ісьцін і не напісаць яшчэ раз пра тое, што гербам Беларусі зьяўляецца «Пагоня», адзначае Алесь Чайчыц на Радыё Свабода.

1. Рэфэрэндум 1995 году, пасьля якога ўвялі цяперашні герб-вянок, быў арганізаваны і праведзены з істотнымі парушэньнямі, што робіць ягоныя вынікі юрыдычна нікчэмнымі. Гэта пацьвердзіць любая элемэнтарная сумленная экспэртыза. На гэтым можна было б і скончыць, але працягнем.

2. «Пагоня» — герб, пад якім зьявілася сучасная беларуская дзяржава: у 1918 годзе пад ім паўстала Беларуская Народная Рэспубліка, у 1991 годзе «Пагоня» стала гербам Рэспублікі Беларусь. За «Пагоняй» адназначнае першынство на фоне савецкага вянка.

3. «Пагоня» была пануючым рэгіянальным (губэрнскім, гарадзкім) сымбалем у Беларусі ў часы Расейскай Імпэрыі. Так што таго, хто супраць «Пагоні», сьмела абзывайце русафобам.

4. «Пагоня» — на гербах усіх беларускіх ваяводзтваў у часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Нават пры ўсім жаданьні немагчыма знайсьці іншыя рэгіянальныя сымбалі, зь якіх можна было б «сабраць» герб новай дзяржавы, кшталту чэскага ці латыскага.

5. «Пагоня» — герб Вялікага княства Літоўскага, самай магутнай беларускай дзяржавы ў гісторыі. Беларусь зьяўляецца пераемнікам ВКЛ і павінна арыентавацца на гэтую эпоху як на час свайго найбольшага росквіту і найбольшае магутнасьці.

6. Савецкі вянок — ня герб, а эмблема, якая ня мае ніякага дачыненьня да правілаў і традыцый геральдыкі, у тым ліку беларускай.

7. Лукашэнкаўскі герб — прыніжальны для Беларусі і беларусаў. Толькі краіны без выразнай гісторыі і без выразнай самабытнасьці ставяць на свой герб контур сваёй тэрыторыі. Гэтага трэба саромецца.

8. Паходжаньне эмблемы-вянка — гэта дырэктыва з Масквы, ад ураду таталітарнага СССР, у рэчышчы стварэньня аднатыпных сымбаляў для ўсіх рэспублік СССР. «Пагоня» — стоадсоткава свой, тутэйшы сымбаль.

9. Эмблема БССР задумвалася зь сярпом і молатам у цэнтры. Адсутнасьць сярпа і молата парушае ўсю мастацкую задумку і ўсю кампазыцыю эмблемы. Горш за герб БССР можа быць толькі сапсаваны герб БССР.

10. Нарэшце, «Пагоня», у тым ліку сучасны афіцыйны варыянт 1991 году аўтарства Яўгена Куліка, — гэта проста вельмі прыгожы, салідны, строгі дзяржаўны і нацыянальны герб, пра які складалі вершы і якім варта ганарыцца.

Так што трэба не займацца файн-цюнінгам кветачак і паваротам глёбуса на эмблеме 1995 году, а вяртаць «Пагоню» ў якасьці дзяржаўнага герба.

Фотофакт. У сборной Беларуси по хоккею была шикарная форма с «Погоней»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(89)