Скандалы
Васіль Гальчанюк

За прыезд на афіцыйнае мерапрыемства актывіста аштрафавалі на 2 млн рублёў

31 ліпеня ў Баранавічах па рашэнню суддзі Кацярыны Груды актывіст руху «За свабоду» Віктар Сырыца быў аштрафаваны на 2 млн рублёў за арганізацыю несанкцыяванага мітынга.

Як пісала «Салідарнасць», 2 чэрвеня баранавіцкія аматары гісторыі і грамадскія актывісты, а таксама госці з Мінска, Брэста і Слоніма планавалі адсвяткаваць 150-я ўгодкі Мілавідскай бітвы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з царскімі карнікамі. Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат і Тэрэса Селівончык двойчы падавалі заявы у Баранавіцкі райвыканкам на правядзенне фэсту ў памяць касінераў 1863 года, але двойчы атрымалі адмову.

У пісьмовым адказе баранавіцкія раённыя ўлады заявілі, што запланавалі сваё культурніцкае мерапрыемства на гэты дзень і на гэтым месцы, прысвечанае Мілавідскай бітве. Інфармацыя пра запланаванае святкаванне з’явілася 30 мая ў афіцыйнай газеце Баранавіцкага райвыканкама «Наш край».

Калі ж грамадскія актывісты 2 чэрвеня прыехалі да Мілавідскіх помнікаў на анансаванае мерапрыемства, нікога з чыноўнікаў і ўдзельнікаў абвешчанага свята не ўбачылі. Грамадзяне ўсклалі кветкі да Мілавідскіх памнікаў, заспявалі «Магутны Божа» і з’ехалі ў вёску Русіно, дзе на сядзібе Таварыства беларускай мовы і адзначылі 150-я ўгодкі Мілавідскай бітвы касінераў Кастуся Каліноўскага з царскім войскам.

Аднак на працягу чэрвеня-ліпеня старэйшы лейтэнант Баранавіцкага РАУС Дзяніс Майсеня склаў на Віктара Сырыцу тры адміністрацыйныя пратаколы за арганізацыю несанкцыяванага мітынгу 2 чэрвеня ля Мілавідскіх помнікаў. Першыя два з іх старшыня Баранавіцкага гарадскога суда адпраўляў у міліцыю для выпраўлення недахопаў.

У апошнім выпадку суддзя Кацярына Груда пагадзілася з довадамі маёра міліцыі Віталія Куляшова, які ў якасці сведкі падцвердзіў у судзе, што Віктар Сырыца арганізаваў у Мілавідах несанкцыянаваны мітынг. Яна не прыняла да ўвагі спасылкі актывіста на дзяржаўную газету, якая ў рубрыцы «Запраем адпачыць» заклікалана афіцыйную імпрэзу сваіх чытачоў і ўсіх ахвотных.

Як сказаў «Салідарнасці» Віктар Сырыца, ён ўжо падаў у суд на газету «Наш край» і будзе абскарджваць рашэнне Кацярыны Груды ў Брэсцкім абласным судзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)