«Как не знаете курс?! Это же наши, российские рубли!»
З выпадкова падслуханага і падгледжанага.
У суседнім двары прыпаркаваўся «Фольксваген», упрыгожаны выявай савецкага танка Т-34. Цікава, ці ведае яго гаспадар, што на танках эксперыментальнай серыі Т-34-57 ставілі нямецкія рухавікі вытворчасці BMW? Што танк мадэрнізавалі з дапамогай амерыканскіх камлектуючых, атрыманых па ленд-лізе?
Урэшце, чаму нашчадак пераможцаў ездзіць не на «Волгах» і «Победах», а на Volkswaggen i BMW?
А вось патрыманы Ореl, у салоне якога вісяць побач сувенірны даляр і георгіеўская стужка. Адразу ж згадваецца барадаты анекдот: «Вы або трусы надзеньце, або крыжык здыміце».
***
— Скажите, пожалуйста, сколько эта ленточка стоит в наших рублях? — пытае жанчына ў прадавачкі ў адным з мінскіх ганлёвых цэнтраў.
Тая падкрэслена абыякава паціскае плячыма і кажа, што не ведае.
— Как не знаете курс?! Это же наши, российские рубли! — не здаецца госця з Расіі.
— А почему я должна знать курс вашего рубля? Доллар, евро — это да, а ваш рубль…
Паверхам ніжэй на інфармацыйным табло абменніка свяціліся актуальныя курсы валют: за 1 расійскі рубель давалі 3 беларускія капейкі.
***
Подых 90-х: людзі ізноў пачалі збіраць шклотару. І канкурэнцыя такая, што да адмысловага смеццевага кантэйнера для шкла зборшчыкі прыходзяць яшчэ на досвітку.
— На пенсію цяпер не пражывеш, — нібы апраўдваецца неахайнага выгляду мужчына, што корпаецца ў сметніцы.
Вуліцы Заслаўя залепленыя прапановамі атрымаць грошы ў растэрміноўку і аб’явамі пра скупку рагоў ласёў і аленяў. Надыходзіць час Астапаў Бэндэраў?
***
Пенсіянер набывае ў краме лямпачкі.
— Што ж гэта з брэсцкімі лямпачкамі зрабілася? Праз тыдзень перагараюць, — паскардзіўся пакупнік прадаўцу.
— Дык гэта ж Брэст! — з ноткай пагарды ў голасе адказаў той.
— Не кажыце, раней брэсцкія лямпачкі былі вельмі добрыя, — не здаваўся дзядуля.
— То раней, пры Саюзе. А зараз мы разбазарваем савецкую спадчыну, — аўтарытэтна заявіў прадавец, які, мяркуючы па знешнасці, у лепшым выпадку заспеў апошнія 15 гадоў таго Саюза.
***
У чарзе ў супермаркеце заўважаю маладога чалавека з характэрным маскоўскім вымаўленнем. На ім майка з выявай аўтамата Калашнікава, надпісам «Сусветны крывавы тур» і спісам «наведаных» краін — Афганістан, В’етнам, Лаос, Чачня. А на прыканцы — абяцанне працягнуць тур.
Прыхільнік сусветнай масакры напружана ўзіраецца то ўлева, то ўправа. Сачу за позіркам: і там, і там стаяць пакупнікі ў вышымайках.
***
Падслуханае ў мінулы раз:
«Такое неба чорнае, няйначай канец свету прыйшоў у Беларусь»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное