Общество
Сямён Печанко

«Такое неба чорнае, няйначай канец свету прыйшоў у Беларусь»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Набліжэнне чарговай навальніцы заспела мяне на вуліцы. На горад імкліва насоўваецца чорная хмара, якая праз некалькі хвілін пачынае кіпець над дахамі бліжэйшых дамоў. За спіной чую голас — жанчына, як і я, захоплена ўзіраецца ў пачарнелае неба і расказвае камусьці па тэлефоне:

— Кацька, а ў нас тут такая хмара навальнічная проста над галавой! Зараз пачне дрэвы валіць. Такое неба чорнае, няйначай канец свету прыйшоў у Беларусь!

***

— А вы ўжо манеты новыя бачылі? — пытае ў мяне гандлярка на рынку, і дзеліцца пачутым — Старыя ў мяне на рэшту атрымалі колькі манет, то смяяліся: прыгожыя, можна на зубы пераплавіць.

Іншая прадавачка разлічвае пакупніка і прагаворвае:

— Няхай бы за месяц памянялі грошы на новыя ды забылі. Але што ты паробіш — краіна ў нас вясёлая, увесь час не даюць людзям расслабіцца. Вось і зараз — капейкі падкінулі, каб гуляліся.

***

Мінская настаўніца дзеліцца гісторыяй, што здарылася з ёй на адным з еўрапейскіх курортаў. Пазнаёмілася з англічанамі, разгаварыліся. Размова зайшла пра заробкі. Калі новыя знаёмыя пачулі лічбу, то спачувальна захіталі галовамі: «Вельмі сціпла за тыдзень працы». Удакладненню, што гаворка ідзе пра месячны заробак настаўніка, суразмоўцы не захацелі верыць: «У вас жа там усё такое дарагое, як вы з такімі заробкамі выжываеце?!».

***

Даішнік затрымаў жанчыну, што перайшла дарогу па-за пешаходным пераходам. Абое горача жэстыкулююць — інспектар паказвае на «зебру», да якой ад іх каля паўсотні метраў, жанчына ў адказ адмоўна хітае галавой і даводзіць, што паглядзела па баках, перш чым перайсці дарогу. Урэшце супрацоўнік ДАІ павёў жанчыну афармляць штраф. Але да перахода таксама не пайшоў: зірнуў управа, зірнуў улева, і папраставаў праз дарогу да службовага аўто, што прытаілся між дамоў.

***

Праваслаўны фестываль у Заслаўі. Каля царквы стаяць аўто з расійскімі нумарамі і георгіеўскімі стужкамі на антэнах. Па тэрыторыі замчышча разгульваюць праваслаўныя ў камуфляжы з імперскімі сцягамі на плячах. Ад групы гасцей даносіцца голас экскурсавода: «Вы уже, наверное, в курсе, что в 1991 году Республика Беларусь стала независимым государством...».

25 год прайшло, хіба яшчэ хтосьці не ў курсе?

Падслуханае ў мінулы раз:

«Да канца года ад тых манет адзін звон застанецца»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)